10 сьнежня адразу ў некалькіх публічных месцах Віцебску быў арганізаваны супольны прагляд урачыстай цырымоніі ўручэньня Нобэлеўскай прэміі. Упершыню сярод ганараваных прэміяй – беларуская пісьменьніца.
Арганізаваныя прагляды тэлетрансьляцыі адбываліся ў віцебскім «Эўрапейскім клюбе», арт-прасторы « Талстога, 7» і арт-пабе «Торвальд». Ва ўмовах, калі дзяржаўныя тэлевізійнікі адмовіліся ад жывой трансляцыі гэтай знакавай для беларускай літаратуры падзеі, гэткія культурныя акцыі сталіся своеасаблівым грамадзкім адказам, актам маральнага супраціву абсалютна ненатуральным паводзінам уладаў. Паводзінам, якія, калі глядзець на іх праз прызму твораў сёлетняй нобэлеўскай ляўрэаткі, цалкам адпавядаюць сьвядомасьці «чырвонага чалавека» постсавецкай прасторы. «Чырвоны чалавек» не жадае ані сыходзіць з чужой для яго рэальнасьці, ані адмаўляцца ад улады, замінаючы руху грамадзтва наперад, але не ўсьведамляючы гэтага і не адчуваючы праз гэта жадных пакутаў.
Беларускамоўны тэлеканал «Белсат», што вяшчае з Польшчы, стаўся адзіным нацыянальным каналам, які арганізаваў трансьляцыю цырымоніі, якая праходзіла ў Стакгольмскай канцэртнай залі. Дзякуючы гэтаму кожны, хто падлучаны да «Белсату» праз спадарожнік або сеціва, мог назіраць, як беларуска Сьвятлана Алексіевіч атрымала сваю узнагароду з рук швэдзкага караля.
Мяркую, у гэты момант ня толькі наведнікі «Эўрапейскага клюбу» запляскалі ў далоні – гэткія воплескі гучалі па ўсёй Беларусі. І гучалі яны як надзея на перамены, бо разам з агучваньнем праблемы існаваньня «чырвонага чалавека» быў запушчаны і мэханізм вырачэньня беларускай нацыяй яго антычалавечай сутнасьці. Сутнасьці, якая сталася ня толькі прычынай бясконцых бойняў і самавынішчэньняў 20-га стагодзьдзя, але і тых канфліктаў, што адбыліся за першыя пятнаццаць гадоў стагодзьдзя 21-га.
Як летапісец эпохі «чырвонага чалавека» Сьвятлана Алексіевіч хоцьма-няхоцьма спрычынілася да канстатацыі натуральнасьці яго сыходу з гістарычнай арэны, за што і атрымала сёлетнюю Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры.
Віншуем Сьвятлану Алексіевіч, віншуем адно аднаго!
С. Горкі, Віцебская вясна