Галоўны судовы выканаўца АПВ Першамайскага раёну Віцебску Макоўскі паведамляе ў позьве на імя Барыса Хамайды, што супраць яго распачатае выканаўчае справаводзтва і ён мусіць явіцца у аддзел прымусовага выкананьня 25 сакавіка ў 10.00.
Патрабаваньне – спагнаньне сумы штрафу па адміністрацыйным правапарушэньні ў памеры 810 рублёў (30 базавых велічынь).
Барыс Хамайда лічыць, што гэтая позва – спроба дзяржавы стварыць яму перашкоды ў сьвяткаваньні Дня Волі. Ня больш за тое. Бо штраф у памеры 810 рублёў за пікет каля «сіняга дому» ў дзень перапахаваньня Кастуся Каліноўскага ён заплаціў яшчэ 11 сакавіка, і ніякага «прымусовага выкананьня» быць ня можа.
Квіток аб аплаце штрафу
Год таму 25 сакавіка Барыс Хамайда ўзьняў у цэнтры Віцебску сьцяг гораду з выявай «Пагоні», а ў руках трымаў плякат з цытатай расейскага пісьменьніка Івана Буніна: «Город (Витебск) древний и нерусский». Апазыцыянэр быў затрыманы.
Нядаўна мы пісалі, як у сувязі з пандэміяй каронавірусу Барыс Хамайда абвясьціў у Віцебску карантын.
Зьміцер Міраш