Панядзелак, 25 Сакавік 2019

У Віцебску на Дзень Волі затрымалі Барыса Хамайду. За плякат з цытатай Буніна?..

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)
Барыс Хамайда трымае плякат Барыс Хамайда трымае плякат

Вядомага віцебскага дысыдэнта Барыса Хамайду затрымалі каля 11-й гадзіны 25 сакавіка на рагу “сіняга дому” ў Віцебску. Ён трымаў у руках сьцяг гораду і самаробны плякат з цытатай расейскага пісьменьніка Івана Буніна: “Город (Витебск) древний и нерусский”. Гэткім чынам Барыс Хамайда павіншаваў віцяблян з Днём Волі.

Затрымлівалі Хамайду людзі ў цывільным, якія назваліся яму міліцыянтамі. Апазыцыянэр прастаяў з плякатам каля 10 хвілін, пакуль супрацоўнікі ў цывільным чакалі міліцэйскай машыны. Барыса Хамайду адвезьлі ў Чыгуначны РАУС Віцебску

Як высьветлілася пазьней, міліцыянты ня мелі прэтэнзіяў да плякату, які трымаў у руках Хамайда, а склалі на яго адміністрацыйны пратакол за "загрувашчваньне вуліцы" (арт. 21.14 КаАП). Падпісваць пратакол ён адмовіўся. Недзе праз гадзіну Барыса Хамайду выпусьцілі з аддзяленьня міліцыі. 

Гэта ўжо другое затрыманьне Барыса Хамайды ад пачатку году. Раней яго затрымлівалі на Дзень Канстытуцыі 14 сакавіка. Тады ў Чыгуначным РАУС на яго таксама склалі пратакол паводле артыкулу 21.14 КаАП.

Зьміцер Міраш