Пятніца, 17 Красавік 2020

«Кашляла на сьледчых». Блогерку Жураўскую зноў будуць судзіць за «хуліганку»

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Вольга Жураўская на судзе Вольга Жураўская на судзе

На віцебскую блогерку Вольгу Жураўскую («Снимать разрешено») завялі чарговую адміністрацыйную справу за дробнае хуліганства (арт. 17.1 КаАП). Яе абвінавачваюць у тым, што, знаходзячыся ў будынку Упраўленьня СК па Віцебскай вобласьці яна «спрабавала стварыць неабгрунтаваную паніку» і «кашляла на службовых асобаў».

Разгляд адміністрацыйнай справы адбудзецца 24 красавіка ў судзе Першамайскага раёну Віцебску. Вольга Жураўская пакуль ня ведае, ці адбудзецца судовае паседжаньне ў рэальным рэжыме альбо анлайн.

«24 красавіка будзе суд за кашаль на Шчаглова і распаўсюд інфэкцыі ў сьледчым камітэце, у 10.00 у судзе Першамайскага раёну. Вось толькі ня ведаю: асабіста, па скайпе альбо вайбэры», – паведаміла блогерка ў тэлеграм-канале «Витебск Для Жизни Chat».

Паводле пратаколу, 20 сакавіка 2020 году Вольга Жураўская, знаходзячыся ў будынку Ўпраўленьня СК па Віцебскай вобласьці, «наўмысна, насуперак прынятым нормам паводзінаў, спрабавала стварыць відавочную, неабгрунтаваную паніку, падыходзіла да грамадзян, у тым ліку да службовых асобаў дадзенай установы, кашляла на іх, казала ўсім, што яна хворая на вірусную інфэкцыю, пры гэтым размахвала рукамі, зьдзяйсьняла відэаздымкі на свой тэлефон…»

У пратаколе гаворыцца, што блогерка не рэагавала «на заўвагі супакоіцца і скончыць усе свае дзеяньні». Гэтым самым парушыла грамадзкі парадак і спакой грамадзян, а таксама – «нармальную дзейнасьць дадзенай установы».

Пратакол быў складзены 16 красавіка ўчастковым інспэктарам Андрэем Марозавым.

Раней, 30 сакавіка, суд Кастрычніцкага раёну Віцебску аштрафаваў блогерку каналу «Снимать разрешено» Вольгу Жураўскуюна на 810 рублёў за спробу зьняць відэа пра каронавірус.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.