Агулам Алену Янушкоўскую аштрафавалі на 170 базавых велічынь. Блогерка зьвярнулася з хадайніцтвамі да судзьдзяў, якія каралі яе штрафамі, каб на паўгода адклалі іх выплату.
Патлумачыла, што нядаўна перанесла цяжкую апэрацыю на хрыбетніку, і зараз ня мае магчымасьці працаваць і зарабіць такія вялікія грошы. Рахункаў у банку ці аўтамабіль, які можна было б прадаць, таксама ня мае. Паведаміла судзьдзям у тым ліку і пра тое, што зладзіла збор сродкаў на аплату штрафаў праз краўдфандынг у інтэрнэце і што, магчыма, цягам 6 месяцаў удасца сабраць патрэбную суму.
Але такія довады для судзьдзяў Алены Цыганковай (суд Чыгуначнага раёну), Міхаіла Зубені і Натальлі Трацяковай (абодва працуюць у судзе Віцебскага раёну) падаліся непераканаўчымі. Усе трое адмовілі Алене Янушкоўскай у адтэрміноўцы – без аніякіх тлумачэньняў.
Янушкоўская мяркуе, што такім чынам дзяржава спрабуе яшчэ больш запалохаць людзей, «якія нясуць праўду ў народ».
«Шмат хто праводзіць паралель: я і Дзіма Казлоў (Шэры Кот). Мы блогеры, якія нясуць праўду ў народ, і мы ім вельмі і вельмі муляем. Што ён, што я – мы ж прамаўлялі тады на плошчы, казалі пра Лукашэнку. І вось я паглядзела: дык у мяне штрафаў больш, чым ва ўсіх палітыкаў! А я ж… які я палітык?..» – кажа Алена Янушкоўская.
Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў мяркуе, што, як і ў выпадку з каронавірусам, улады ў чарговы раз паказваюць, што асобны жывы чалавек для іх – не галоўнае.
«Калі на прыкладзе Янушкоўскай, дык суды паказваюць грамадзтву Беларусі, што яны зусім не зьбіраюцца стаяць на варце інтарэсаў чалавека, а толькі – дзяржавы», – сказаў праваабаронца.
Дапамагчы сплаціць штрафы блогерцы Алене Янушкоўскай можна на сайце MolaMola. Актывістку падтрымала ўжо больш за 100 чалавек, але сабранай сумы (1800 рублёў) ня хопіць нават для аплаты паловы прысуджаных ёй штрафаў.
Зьміцер Міраш