Чацвер, 09 Студзень 2020

Барыса Хамайду аштрафавалі на 810 рублёў за пікет у дзень перапахаваньня Каліноўскага

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Барыс Хамайда Барыс Хамайда

У Чыгуначным судзе Віцебску 9 студзеня судзьдзя Юры Урбан палічыў даказаным факт адміністрацыйнага правапарушэньня, у якім абвінавачвалі Барыса Хамайду. Выйшаўшы на адзіночны пікет, грамадзкі актывіст парушыў парадак арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў (ч.1 арт. 23.34 КаАП). Штраф – 30 базавых велічыняў.

Паводле агучанага судзьдзём пратаколу, 22 лістапада 2019 году Барыс Хамайда, ня маючы дазволу мясцовага выканаўчага органа, выйшаў на адзіночны пікет ля «сіняга дому». У руках трымаў бел-чырвона-белы сьцяг, на грудзёх – плякат. Вінаватасьць Хамайды даказвалася выключна на падставе матэрыялаў, узятых з інтэрнэту. У той дзень ніхто з праваахоўнікаў да яго не падыходзіў, не рабіў заўваг і не затрымліваў.

На судзе Барыс Хамайда выказаў недавер судзьдзі, нагадаўшы пра «нелегітымнасьць судзьдзяў, прызначаных на свае пасады пасьля антыканстытуцыйнага перавароту 1996 году». Судзьдзя не палічыў, аднак, гэта падставай для свайго адводу.

«Гэта быў покліч душы

Хамайда пацьвердзіў сваё знаходжаньне ў цэнтры гораду 22 лістапада, але не пагадзіўся з тым, што парушыў тым самым закон. Патлумачыў, што плякат і сьцяг былі неабходныя для таго, каб данесьці да людзей мэту свайго ўчынку.

«Гэта быў дзень пахаваньня нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў, у які я проста ня мог ня выйсьці. Гэта быў покліч душы. Паехаць у Вільню я ня меў ані грошай, ані часу, таму і стаў тут», – патлумачыў Хамайда.

Актывіста абурыў той факт, што акрамя доказаў, выцягнутых з журналісцкіх рэпартажаў, у міліцыянтаў не было іншых сьведчаньняў ягонага правапарушэньня. Не было ані сьведкаў, ані ўзятага з камэраў назіраньня відэа.

«Але няма нічога…»

«Я наўмысна ня ўказваў час свайго знаходжаньня. Гэта павінны былі высьветліць міліцыянты. Гэта іх абавязак – даказаць, у колькі я стаў, колькі стаяў, калі скончыў. Але няма нічога. І вы возьмеце на сябе адказнасьць разгледзець справу па-сутнасьці?» – апэляваў да судзьдзі Хамайда.

На падставе ч.1 арт. 23.34 КаАП судзьдзя Юры Урбан аштрафаваў Барыса Хамайду на 30 базавых велічыняў (810 беларускіх рублёў).

С. Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.