Перад Калядамі Евангелічная царква Нямеччыны нагадала людзям пра лёс больш за паўтары тысячы палітвязняў, якія нявінна знаходзяцца ў турмах Беларусі. Гэтым разам Царква спрычынілась да выхаду аўдыёкнігі “Зекамерон” у перакладзе на нямецкую мову, якую начытаў акцёр Б’ярнэ Мэдэль.

Жыхар аграгарадка Альгова Васіль Шчука трапіў пад увагу сілавікоў сёлета ў сакавіку: яго асудзілі да арышту за падпіскі на так званыя «экстрэмісцкія» інфармацыйныя рэсурсы. Пасля арышту ен выйшаў на волю, аднак ягоны тэлефон быў перададзены ў Следчы камітэт, і, паводле зместу ягоных сацыяльных сетак, супраць 38-гадовага Васіля Шчукі распачалі крымінальную справу за абразу прадстаўніка ўлады паводле арт. 369.

Суддзя суда Браслаўскага раёна Аляксандр Вязіцкі 30 лістапада за распаўсюд у сацыяльнай сетцы інфармацыйныя матэрыялы «экстрэмісцкага» характару арыштаваў на 10 сутак пакавальніка-фасоўшчыка, бацьку трох малалетніх дзяцей Аляксандра Шаршнёва.

Віцебскі гарвыканкам 7 снежня абазначыў месцы, у якіх забаронена правядзенне пікетаў для збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і мясцовых Саветаў дэпутатаў. Фактычна ўсе людныя месцы горада аказаліся пад забаронай, тым самым улады зрабілі маргінальным працэс збору подпісаў.

Дзейнасць ураджэнца Оршы, паралімпійца і матывацыйнага трэнера Аляксея Талая па незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з часова акупаванай тэрыторыі Украіны расследуецца паводле двух першых частак артыкулу 438 Крымінальнага кодэкса Украіны — парушэнне законаў і звычаяў вайны.

Агульная колькасць тых, хто прайшоў праз затрыманні, невядомая. Кагосьці адпускаюць пасля шматгадзіннай гутаркі пра знаёмства з Сяргеем Ерамеевым, затрыманым ФСБ за дывэрсію на БАМе, кагосьці вязуць адразу ў суд і караюць па адміністрацыйным артыкуле 19.11 -- калі ў тэлефоне знаходзяць «экстрэмісцкія» падпіскі. Некаторых пакідаюць да суду ў ізалятары часовага ўтрымання – верагодна, каб застрашыць на перспектыву. Пра крымінальныя справы распачатыя супраць кагосьці з затрыманых апошнімі днямі, пакуль не чуваць. Затрыманні і допыты працягваюцца з 8 снежня.

Пару тыдняў таму на сайце гарвыканкама з“явілася абвестка пра «папярэдняе інфармаванне» віцяблян наконт новага гарадскога аб“екта пад назвай «Флагшток на плошчы 1000-годдзя Віцебска». Маўляў, інфармуем: справа вырашаная. Але цяпер на сайце гарадской газеты «Витьбичи» апублікавалі апытанку з просьбай да гараджанаў пазначыць, дзе яны хочуць бачыць той флагшток – на плошчы Перамогі, каля канцэртнага зала «Віцебск», у парку каля Лядовага палаца або ў «іншым месцы». Гарадскія ўлады вырашылі зрабіць выгляд, што іх хвалюе думка мясцовых жыхароў, але чамусьці ў апытанцы няма варыянта адказу «Флагшток у Віцебску зусім не патрэбны».

На першым паседжанні Віцебскай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі 8 снежня былі абраныя старшыня, намеснік старшыні і сакратар. З 13 яе сяброў 11 маюць досвед працы ў абласной камісіі, 2 – новых. Прысутныя склалі і зацвердзілі графік дзяжурстваў і рэжым працы. Назіральнікі на паседжанні камісіі адсутнічалі.

Суддзя суда Аршанскага раёна і Оршы Мікалай Драгуноў 5 снежня за захоўванне ў сацыяльнай сетцы «экстрэмісцкіх» публікацый арыштаваў на 8 сутак мясцовага жыхара бацькі двух непаўналетніх дзяцей беспрацоўнага Уладзіміра Мяжуева.

За адзінаццаць месяцаў бягучага года ў Віцебскі гарвыканкаме паступіла больш за 2 тыс. зваротаў, прычым 40 працэнтаў з іх або 800 паступілі па электроннай сістэме. За гэты час работнікі выканкама правялі 81 прыём грамадзян, на якіх прынята 136 чалавек, а на 16 выязных прыёмаў з'явілася 36 жыхароў горада. Тым не менш, чыноўнікі з аддзела па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, публічна прызнаюцца пра прыкметнае зніжэнне зваротаў да гарадскіх уладаў.