Ініцыятары ўзвядзення канструкцыі «вышынёй ад 50 да 65 метраў» перакананы, што яна неабходная для «падвышэння патрыятыянага выхавання насельніцтва» і «павелічэння значнасці дзяржаўных сімвалаў». «Адмова ад рэалізацыі праекта не дазволіць рэалізаваць згаданыя вышэй мэты і прывядзе да адсутнасці зоны патрыятычнага ўзбагачэння і адпачынку насельніцтва», -- гаворыцца ў матэрыялах «папярэдняга інфармавання».
З гэтых матэрыялаў, дарэчы, вынікае, што адным флагштокам улады вырашылі не абмяжоўвацца: апрача яго, плануюць усталяваць «не меней за два светладыёдныя экраны, канструкцыю для размяшчэння герба Рэспублікі Беларусь і гукавага абсталявання для праслухоўвання гімна».
Ужо зусім хутка, з 26.12.2023 па 25.01.2024, мае адбыцца грамадскае абмеркаванне праекта. Да гэтай падзеі засталося менш за два тыдні, а праект, атрымліваецца, яшчэ не гатовы – раз месца ўсталявання флагштока яшчэ толькі абмяркоўваецца. Дарэчы, на 23.50 13 снежня, пад канец першага дня дзеяння апытанкі, у ёй узялі ўдзел 40 чалавек. 27 з іх выказаліся за тое, каб усталяваць флагшток каля КЗ «Віцебск». Выказаную ўладамі ідэю пра усталявання ідэалагічнай канструкцыі на плошчы Тасячагоддзя, у гістарычным цэнтры Віцебска, не падтрымаў ніхто – гэтая лакацыя мусіла трапіць у варыянт адказу «Іншае месца», але за яго ўвогуле няма ніводнага голаса. Вельмі цікава будзе паглядзець праект – ці ўлічаць у ім меркаванні гараджан.
Людміла Хмялеўская