Віцебск застаецца ў лідэрах па коштах на жытло
Віцебск, другі па дарагоўлі жытла абласны цэнтар краіны, апошнія 12 месяцаў адчувае рэзкае зьніжэньне цікавасьці з боку пакупнікоў кватэр. Калі ў другой палове 2013 году попыт на кватэры ў Віцебску быў адным з самых высокіх у краіне, то ў мінулым квартале колькасьць зьдзелак куплі-продажу, якія зьдзяйсьняюцца, скарацілася да найгоршага за апошнія 3 гады паказчыка.
Акцыя БХД у Білеве: збор сродкаў для мясцовых уладаў
У розных пунктах віцебскіх мікрараёнаў Білева актывісты аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” 4 жніўня правялі акцыю па зборы сродкаў для ўладаў. “На ўсе нашы звароты, на шматысячныя подпісы гараджанаў аб будаўніцтве сьмецьцеперапрацоўчага заводу, паліклінічнага комплексу і іншых важных для Білева аб’ектаў улады стабільна адказваюць, што ў іх няма грошай”, - патлумачыла сэнс акцыі каардынатар аргкамітэту БХД у Віцебскай вобласьці Тацьцяна Севярынец.
Жыхарам Віцебску ўдалося дамагчыся «амаль цьвярозай» зоны адпачынку
Пасьля масавых зваротаў да гарадзкіх уладаў, складаньня інтэрнэт-пэтыцыяў і скаргаў у розныя інстанцыі просьба аматараў актыўнага правядзеньня часу была задаволеная: у зоне адпачынку на набярэжнай Віцьбы больш не прадаюць моцных сьпіртовых напояў.
Сярэдні конкурс у ВНУ Віцебшчыны склаў 1,4 чалавека на месца. На шэраг спэцыяльнасьцяў конкурс адсутнічаў наогул
Ва ўступных іспытах на бюджэтную форму навучаньня конкурс наогул адсутнічаў (менш за аднаго чалавека на месца) у ВДУ на спэцыяльнасьці “фізыка (навукова-вытворчая дзейнасьць)” - 0, “матэматыка і інфарматыка” - 0,4, “прыкладная матэматыка (навукова-пэдагагічная дзейнасьць)” - 0,5 , “сацыяльная пэдагогіка” - 0,9; у ПДУ з улікам правядзеньня дадатковага набору на спэцыяльнасьці “кампутарная бясьпека” - 0,5, “мадэляваньне і кампутарнае праектаваньне радыёэлектронных сродкаў” - 0,6, “тэхнічная праца і прадпрымальніцтва” - 0,7, “радыётэхніка” - 0,9.
Ірына Яскевіч: Патрэбна ўвесьці нацыянальны сэртыфікат якасьці
Гандляваць становіцца ўсё цяжэй, а ўлады не дапамагаюць, а наадварот робяць умовы працы дробных прадпрымальнікаў усё больш складанымі. Як прыгадвае старшыня стваранага прафсаюзу „Разам“ Ірына Яскевіч зь Віцебску, Беларусь знаходзіцца ў Мытным Саюзе з Расеяй ды Казахстанам, а з 2015 году ўзьнікае яшчэ Эўразійскі эканамічны саюз, а таму трэба ствараць роўныя ўмовы для прадпрымальнікаў на ўсёй гэтай прасторы.
У Віцебску прайшла сустрэча з аргкамітэтам па сьвяткаваньні 500-годзьдзя Аршанскай бітвы (дададзена відэа)
Імпрэза адбылася 25 ліпеня ў віцебскім “Эўрапейскім клюбе”. Перад прысутнымі выступіў мастак, сябра Беларускага саюзу мастакоў, ураджэнец Воршы, намесьнік старшыні аргкамітэту Мікола Купава, які распавёў пра гістарычную бітву і яе адлюстраваньне на знакамітай карціне невядомага мастака “Бітва пад Воршай”, якая захоўваецца ў Варшаўскім мастацкім музэі. Копію карціны можна ўбачыць у аршанскім касьцёле сьвятога Язэпа.
Наймальнік напісаў скаргу сам на сябе?
У кнізе заўваг і прапаноў ААТ «Полацак-Шкловалакно» зьявілася скарга на парушэньне адміністрацыяй прадпрыемства ўказу прэзыдэнта. Скарга напісаная 23.07.2014 г. ад імя старшыні Свабоднага прафсаюзу Віктара Стукава. Пры гэтым, як сьцьвярджае апошні, 23 ліпеня кнігу яму на рукі ня выдалі, таму ніякага запісу ў ёй ён у той дзень не рабіў.
Рабочыя наваполацкага «Паліміру» атруціліся парамі сінільнай кіслаты
У цэху № 201 заводу «Палімір» ААТ «Нафтан» з флянцавага злучэньня помпы адбылася ўцечка воднага раствору ацэтанітрілу, які разьліўся на плошчы 1 квадратны мэтар. Падчас спробы самастойна ліквідаваць цечу атручваньне парамі сінільнай кіслаты (уваходзіць у склад рэчыва) атрымалі сьлесар-рамонтнік і старшы майстар цэху. Абодва шпіталізаваныя.
У Віцебску спынілі трансьляцыю ўкраінскага тэлеканалу
Віцебскі апэратар кабельнага ТБ ААТ «ВОТТЦ “Гарант”» спыніў трансьляцыю ўкраінскага тэлеканалу «Iнтер+». На яго ранейшай частаце цяпер вяшчаецца расейскі забаўляльны канал «Сарафан». У службе тэхнічнай падтрымкі апэратара па нумары «1-34» адключэньне ўкраінскага тэлеканалу пацьвердзілі. Паводле слоў супрацоўніка тэхпадтрымкі канал больш трансьлявацца ня будзе, што, нібыта, зьвязана з тэхнічнымі непаладкамі сыстэмы, якая яго перадае.
У Віцебску зноў забаранілі пікет
Сёньня, 4 жніўня, у Віцебску мусіў адбыцца пікет у падтрымку палітвязьняў. Аднак імпрэза, якую хацелі зладзіць праваабаронцы, хутчэй за ўсё, не адбудзецца, бо мясцовыя ўлады правядзеньне акцыі забаранілі. Подпіс пад забаронай паставіла намесьніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску Натальля Ляпёшкіна.