Пра дзіўны запіс у кнізе заўваг і прапаноў стала вядома з пастановы полацкага РАУС аб спыненьні адміністрацыйнай справы супраць службовай асобы ААТ «Полацак-Шкловалакно», які адмовіўся выдаць кнігу заўваг. У матэрыялах справы ёсьць копія старонкі кнігі, дзе пазначаная дата 23.07.2014 г. і зроблены запіс, што «парушаны ўказ прэзыдэнта аб звароце грамадзян і арганізацыяў», з подпісам старшыні прафсаюзу.
У пастанове аб спыненьні справы сказана: «З пратаколу апытаньня Зацірахіна В.Д. вынікае, што перашкод заяўніку ў выдачы кнігі заўваг і прапаноў ніхто не чыніў і Стукаў зрабіў запіс у кнізе заўваг і прапаноў 23.07.2014 году». Васіль Зацірахін, згаданы ў пратаколе, зьяўляецца начальнікам аддзелу прававога забесьпячэньня ААТ «Полацак-Шкловалакно».
Паколькі прафсаюзны лідэр 23 ліпеня так і ня здолеў атрымаць кнігу заўваг і прапаноў, значыць, запіс быў кімсьці сфальшаваны? Тым больш, што, як сьцьвярджае Віктар Стукаў, пісаць скаргу ён зьбіраўся зусім не пра парушэньне ўказу прэзыдэнта, а пра парушэньне «Закону аб прафэсійных саюзах» – пра перашкаджэньне службовай асобай наведваньня прадпрыемства прадстаўніком прафсаюзу.
Нагадаем, 23 ліпеня старшынём прафсаюзу была выкліканая міліцыя, і старшы ўчастковы Валер Іваноў склаў пратакол апытаньня аб парушэньні адміністрацыяй дэкрэту №2 «Аб удасканаленьні работы з насельніцтвам». Паводле гэтага дэкрэту ўпаўнаважаная асоба арганізацыі абавязаная прад’яўляць кнігу заўваг па першым патрабаваньні грамадзяніна. За парушэньне гэтага палажэньня прадугледжаны штраф службовай асобе ў памеры ад 4 да 10 базавых велічынь. Выходзиць, нехта ў адміністрацыі ААТ «Полацак-Шкловалакно» сфальшаваў скаргу на сябе, каб не плаціць штрафу?
Віктар Стукаў заявіў, што зьбіраецца абскардзіць пастанову міліцыі пра закрыцьцё справы вышэйстаячай службовай асобе ў віцебскае абласное ўпраўленьне ўнутраных спраў.