Субота, 02 Лістапад 2024

Калі няма добрых навін, пішы пра сметніцы!

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

«Аршанская газета», імкнучыся распавядаць пра добрае жыццё ў Беларусі і ў тутэйшым рэгіёне, размясціла на сайце артыкул «Работники Оршанской спецавтобазы проводят работы по установке дополнительных мусоросборников». Тэкст суправаджаецца цэлым фотарэпартажам з выявамі шчаслівых камунальнікаў і ўласна сметніц.

З артыкула вынікае, што новых сметніц усталююць усяго 270 штук на ўвесь Аршанскі раён. Але з гэтага факту раённая газета спрабуе зрабіць сапраўдную падзею. Бо «это важный элемент городской экосреды, который имеет огромную экологическую значимость», а яшчэ «уличные урны помогут сохранить городскую среду чистой и здоровой, а также создать приятную атмосферу и для жителей, и для гостей», - цытуе газета работніцу КУП «Оршанская спецавтобаза».

Вулічныя сметніцы, безумоўна, рэч патрэбная. Але ніколі раней пра іх устаноўку не пісалі як пра важнае дасягненне ў сацыяльнай сферы. Калі пішуць зараз – значыць, нагодаў пахваліцца чымсьці больш значным няма.

Зрэшты, праблема збірання смецца ў Оршы стаіць даволі востра. І невыпадкова «Аршанская газета» распавядае пра яшчэ адно «здзяйсненне» у сферы ЖКГ, а менавіта пра тое, што «Оршанская спецавтобаза приобрела передвижные камеры видеонаблюдения, которые позволят фиксировать зачинщиков несанкционированных свалок возле и вблизи контейнерных площадок». Выданне папярэджвае пра адміністрацыйную адказнасць за выкіданне смецця, якое не адносіцца да «цвёрдых бытавых адкідаў» - галля, лісця, старой мэблі і іншых буйнагабарытных прадметаў.

Мы ўжо пісалі, што першымі на Віцебшчыне ўсталявалі відэакамеры ў месцах збору смецця ў Сенненскім раёне. Але на той момант парушальнікаў яшчэ не штрафавалі – абмяжоўваліся прафілактычнымі гутаркамі.

Ірына Максімава