У Віцебску пададзеныя заяўкі на пікеты за байкот выбараў
Пад заяўкамі, пададзенымі ў раённыя адміністрацыі гораду, паставілі свае подпісы пяцёра сяброў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Усяго яны хочуць правесьці 21 пікет: штодня па адным у кожным з трох раёнаў Віцебску, пачынаючы з 5 кастрычніка і заканчваючы апошнім днём галасаваньня 11 кастрычніка.
Толькі адзін з кандыдатаў у прэзыдэнты адказаў на пытаньні прадпрымальнікаў
Віцебская стваральніца прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам» Ірына Яскевіч распавяла пра спробы высьветліць стаўленьне кандыдатаў у прэзыдэнты да праблем малога бізнэсу. З усіх кандыдатаў адказала прадпрымальнікам толькі Тацьцяна Караткевіч.
Жыхар вёскі Буяны ўжо дваццаць гадоў змагаецца за забесьпячэньне цяплом свайго жытла
Больш за дваццаць гадоў жыхар вёскі Буяны Віцебскага раёну Леанід Здрэстаў дамагаецца аднаўленьня сыстэмы ацяпленьня ў сваёй кватэры. Усе гэтыя гады ён хоча толькі аднаго - «сумленнага і законнага вырашэньня праблемы па аднаўленьні сыстэмы цеплазабесьпячэньня сваёй кватэры», але кожны раз сутыкаецца са свавольствам і валюнтарызмам рознага рангу кіраўнікоў.
Помнік на закінутай магіле партызанскай сям’і ў Віцебскім раёне аднавілі валянтэры
На магіле закатаванай нацыстамі ў 1943 годзе партызанскай сям'і ў вёсцы Котава Віцебскага раёну зьявіўся новы помнік.
Органамі пракуратуры Віцебскай вобласьці выяўленыя парушэньні заканадаўства ў дзейнасьці прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у сыстэму дзяржаўнага аб'яднаньня «Віцебскі канцэрн "Мяса-малочныя прадукты"».
У вёсцы Стаўры пад Воршай жыхары пачалі выпускаць ўласную незалежную газэту
Для вяскоўцаў і пра вяскоўцаў пачаў выдавацца бюлетэнь "Стаўроўская газета". Ініцыятарам выданьня і рэдактарам стаў старэйшына вёскі Ігар Грышанаў. Мяркуецца, што бюлетэнь будзе выходзіць 1 раз на месяц.
Кіраўніцтва БРСМ Віцебшчыны адхрышчваецца ад інструкцыяў тролям
Прадстаўнікі віцебскага абласнога аддзяленьня Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі запэўніваюць, што не рассылаюць лісты тролям з указаньнем, які канкрэтны артыкул трэба камэнтаваць на «Нашай Ніве».
Віцебскія ўлады не заўважылі парушэньняў у дзейнасьці казацкіх фармаваньняў
Каардынатар аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” на Віцебшчыне Тацьцяна Севярынец атрымала з Галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму адказ на калектыўны зварот у справе антыбеларускай дзейнасьці казацкіх фармаваньняў.
Віцебскія праваабаронцы апублікавалі чарговую «Шэрую кнігу»
Гэта ўжо чацьверты выпуск штогодніка «Шэрая кніга. Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Віцебскім рэгіёне». Апроч публікацыі друкаванага выданьня, аўтары кнігі разьмясьцілі ў інтэрнэце яе электронную вэрсію, якую можа спампаваць кожны ахвотны.
Як адзначаюць у прадмове да кнігі яе ўкладальнікі, «цягам ліпеня 2014 г. – чэрвеня 2015 г. (менавіта гэтаму часаваму інтэрвалу прысьвечаны выпуск) сытуацыя з правамі чалавека ў Віцебскім рэгіёне, як і ў краіне ў цэлым, істотна не зьмянілася ў параўнаньні з ранейшым пэрыядам». Тым ня менш, у параўнаньні з выпускам, які быў выдадзены год таму, аб'ём кнігі павялічыўся ў паўтара разы, што можа сьведчыць пра тое, што правы чалавека ў рэгіёне, імаверна, усё-такі сталі парушацца часьцей.
Кніга складзеная на падставе публікацыяў, разьмешчаных на праваабарончых сайтах, а таксама артыкулаў, апублікаваных іншымі інтэрнэт-рэсурсамі. Усе матэрыялы выданьня разьбітыя на дванаццаць разьдзелаў.
Апроч інфармацыі пра ўласна парушэньні правоў чалавека, як грамадзянскіх і палітычных, гэтак і сацыяльных, эканамічных ды культурных, складальнікі кнігі таксама падаюць зьвесткі пра маніторынг судовых працэсаў, паведамляюць пра грамадзянскія ініцыятывы і акцыі, асьвятляюць дзейнасьць праваабаронцаў па адстойваньні грамадзкіх інтарэсаў. Асобны разьдзел прысьвечаны зваротам жыхароў Віцебшчыны ў Камітэт ААН па правох чалавека.
Правільнай дарогай ідзём, таварышы?
Яшчэ пры канцы жніўня адміністрацыяй Кастрычніцкага раёну Віцебску былі сфармаваныя ўчастковыя камісіі па выбарах прэзыдэнта краіны. На першы погляд, усё зроблена ў адпаведнасьці з заканадаўствам. Толькі вось ніякімі законамі не прадугледжана, каб участковыя камісіі фармаваліся паводле вытворчага прынцыпу.