«Мы такім не займаемся, і тым больш такой рассылкі мы ня робім, - тлумачыць выканаўца абавязкаў першага сакратара Дзьмітры Туронак. - У нас такіх лістоў няма, і я не ведаю, што гэта было».
Лісты тролям прыходзілі з адрасу Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.. Ці карыстаецца такім е-мэйлам віцебскі абласны БРСМ? Дзьмітры Туронак запэўнівае, што адрас афіцыйнай пошты знаходзіцца на tut.by.
Аднак пошукавік Гугла словы сп.Туронка абвяргае. Вось скрыншот:
Раней на сайце «Нашай Нівы» былі апублікаваныя копіі электронных лістоў зь Віцебскага абкаму Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. У іх штатным супрацоўнікам мясцовых арганізацыяў БРСМ даюцца інструкцыі, якія камэнты разьмяшчаць пад тымі ці іншымі артыкуламі ў беларускіх СМІ.
У гэтым лісьце гаворка ідзе пра артыкул «Статкевіч правёў пікет у цэнтры Менску з патрабаваньнем свабодных выбараў АНЛАЙН».
Гэтыя інструкцыі цалкам супадаюць з тым, што назіралася ў абмеркаваньні згаданых тэмаў на «Нашай Ніве». Зьвярніце ўвагу, што падзея адбылася 10-га, тады ж зьявіўся артыкул. Але начальства ў БРСМ мае 8-гадзінны працоўны дзень. Таму інструкцыя разышлася 11-га, і менавіта з 11-га ў «Нашай Ніве» і на Тут.бай зьяўляюцца пазнавальна-шаблённыя камэнты «Антона», «Аллы», «Юліі», «Алеся».
Імаверна, што фабрыкі троляў БРСМ, аналягічныя віцебскай, дзейнічаюць і зь іншых абласьцей Беларусі. У кагосьці з троляў мянушка «Берасьцеец», у кагосьці - «Васіль Ашмяны».
Акрамя «Нашай Нівы», у полі дзеяньня троляў таксама іншыя папулярныя рэсурсы.
Пікет Статкевіча з патрабаваньнем свабодных выбараў тролям БРСМ загадвалі бэсьціць. А вось праграму Аляксандра Лукашэнкі прадпісвалася расхвальваць: «І я думаю, што нікому ня трэба тлумачыць, што гэты артыкул - АСАБЛІВЫ».
Ад звычайнага чытача са сваімі поглядамі троля адрозьнівае наяўнасьць «пасылаў» - інструкцыяў. І заробкі на штатных пасадах.
«Па гэтых камэнтарах патрэбныя скрыншоты» - вялікімі літарамі нагадвае ліст з абкаму БРСМ. Начальства на даверы не працуе. Патрэбныя дакумэнтальныя пацьверджаньні дзейнасьці.
Першыя вынікі сваёй дзейнасьці тролям трэба даслаць увечары, а пасьля паўтарыць камэнты ўранку. Сапраўды, калі зірнуць адпаведныя артыкулы, можна пабачыць ідэнтычныя камэнты ўвечары і ўранку. Тролям няважна, як выглядае гэты цырк, галоўнае - колькасьць.
Вось чаму тролі шалеюць, калі іх камэнты выдаляюцца як платны спам - ім няма магчымасьці адсправаздачыцца.
Чуткі пра тое, што БРСМ мабілізуе платных камэнтатараў для стварэньня ў інтэрнэце ўражаньня большасьці, хадзілі даўно. Аднак дзякуючы чытачам зь Віцебскай вобласьці ўдалося здабыць дакумэнтальнае пацьверджаньне гэтаму.
Калі б такая дзейнасьць зыходзіла ад прыватнай структуры, яе можна было б лічыць неэтычнай. Але тут гаворка пра Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, які атрымлівае вялікае дзяржаўнае фінансаваньне. Адпаведна, гэта павінна быць арганізацыя, якая служыць усяму грамадзтву. Аднак, атрымліваючы дзяржаўныя сродкі, ён зьяўляецца арганізацыяй адной палітычнай сілы, аднаго палітыка.
Ідэолягі такога падыходу прыкрываюцца тым, што «яны праводзяць дзяржаўную лінію». Аднак што «дзяржаўнага» ў рабоце на аднаго кандыдата ў прэзыдэнты супраць іншых кандыдатаў? Што гэта, калі не злоўжываньне ўладай, выкарыстаньне дзяржаўных грошай у прыватных мэтах?
Паводле http://nn.by/