У ліпені жыхар Котава Анатоль Каваленка на свой зварот у райвыканкам з просьбай добраўпарадкаваць закінутую магілу ахвяраў вайны атрымаў ад чыноўнікаў адказ, што гэтым павінны займацца сваякі пахаваных за свой кошт.
Прадстаўнікі Віцебскага райвыканкаму адзначылі, што гэтае пахаваньне не знаходзіцца на дзяржаўным ўліку як пахаваньне ахвяраў вайны, а Віцебскі раённы выканаўчы камітэт праводзіць працу па высьвятленьні фактаў для далейшай пастаноўкі пахаваньня на дзяржаўны ўлік.
Пакуль чыноўнікі займаліся бюракратычнай цяганінай, аднавіць разбураную магілу вырашылі неабыякавыя людзі. У майстэрні «Грааль-Спб» Казанскіх могілак Санкт-Пецярбургу быў выраблены надмагільны помнік. Мастаком і кіраўніком работ па яго вырабе выступіў Віктар Казачонак. Ён жа пасьля асабіста прывёз помнік у Котава.
У выніку на магіле жонкі начальніка выведкі партызанскага атраду «Марак» брыгады «Аляксея» Мікалая Арлоўскага Барбары Арлоўскай і іх дзяцей Сашы, Машы і яшчэ грудной дзяўчынкі быў усталяваны гэты помнік.
Крыніца: Народныя навіны Віцебска