Расповед пра свае пакуты Леанід Здрэстаў пачынае з таго часу, калі ў 1992 годзе ён пасяліўся ў вёсцы Буяны і ўладкаваўся на працу загадчыкам майстэрняў у саўгасе «Лосьвіда». Неўзабаве землі саўгасу былі перададзеныя птушкафабрыцы «Гарадок». У той час некалькі дзесяткаў дамоў і грамадзкая лазьня ў вёсцы абаграваліся новай цэнтральнай спэцыялізаванай кацельняй. Аднак у 1994 годзе дырэктар птушкафабрыкі Сяржантаў даў каманду разабраць кацельню па цаглінцы. Што і было зроблена. Як распавядае спадар Здрэстаў, пазьней усе будматэрыялы былі разьвезеныя кіраўніцтвам прадпрыемства па сваіх лецішчах ў Гарадоцкім раёне.
Людзі пачалі шукаць выйсьце: найперш, будавалі печкі. Пабудаваў невялікі шчыт для ацяпленьня аднаго пакоя і Леанід Здрэстаў. Але на гэтым ён не спыніўся - пачаў дамагацца справядлівасьці. Зьвяртаўся ў розныя органы, пачынаючы з РАУС, УУС, МУС і заканчваючы Генэральнай пракуратурай, якая паведаміла, што забраныя будматэрыялы абавязалі вярнуць на тэрыторыю Гарадоцкай птушкафабрыкі. Вось і ўсё, чаго ён дамогся. Да 2006 года людзі выжывалі, як маглі.
Далейшая гісторыя зьвязана з пракладзеным паблізу вёскі цэнтральным газаправодам высокага ціску на Гарадок. Больш за пяцьдзясят жыхароў пяці вуліц вёскі правялі сход і выбралі Леаніда Здрэстава старшынём каапэратыву па газыфікацыі сваіх прыватных дамоў.
Распавядае Леанід Здрэстаў:
Падчас маёй першай сустрэчы я так наўпрост і заявіў генэральнаму дырэктару «Віцебскаблгазу» Пятру Шэршню: «Вы будзеце даваць справаздачу перад людзьмі за кожную ўкладзеную імі капейку». Яму гэта не спадабалася, і ён даў загад ад мяне пазбавіцца. Паверхам вышэй нада мной жыў нехта Кузьменка, прапісаны ў Віцебску. Тады ён быў індывідуальным прадпрымальнікам. Вось яго замест мяне кіраўніком і паставілі. Тры вуліцы адмовіліся, засталося дзьве вуліцы - 17 чалавек. Людзі напісалі яму даверанасьці, завераныя Мазалаўскім сельсаветам, на дазвол займацца ўсім ходам газыфікацыі. І што вы думаеце: ён з «Аблгазам» меў справу? Не. Ён знайшоў сабе ТАА «Цеплагазбуд». Гэтае камэрцыйнае прадпрыемства, якім кіраваў Дзячэнка, зьяўлялася структурным падразьдзяленьнем «Аблгазу». Кузьменка сабраў зь людзей па тых часах вялікія грошы: дваццаць чатыры мільёны рублёў, калі мне не зьмяняе памяць. Я на іх авантуру не пайшоў.
Газыфікацыя распачалася ў чэрвені 2006 году і была здадзеная ў эксплёатацыю ў верасьні 2007 году. Аднак за гэты пэрыяд ад Кузьменкі ў ТАА «Цеплагазбуд» не паступіла ніводнай капейкі. Я адсочваў гэтую сытуацыю, таму забіў трывогу, а для высьвятленьня гэтай акалічнасьці падключыў праваахоўныя органы. І толькі тады, у кастрычніку месяцы, Кузьменка зрабіў першы ўнёсак у памеры шасьці з чымсьці мільёнаў рублёў, а другі - у сакавіку 2008 году. Увогуле, атрымалася чатырнаццаць мільёнаў рублёў з капейкамі. Паўстае пытаньне: «А куды падзеліся амаль дзесяць мільёнаў рублёў, сабраныя з чальцоў каапэратыву? Паклаў у сваю кішэню?»
У сувязі з маім умяшаньнем Генэральная пракуратура прызначыла рэвізію, якую праводзіла КРУ Міністэрства фінансаў па Віцебскай вобласьці. Яно выявіла завышэньне аб'ёмаў выкананых работ, роўнае суме амаль у сем мільёнаў рублёў. Як высьветлілася: уся гэтая газыфікацыя каштавала ўсяго крыху больш за шэсьць мільёнаў рублёў. Грошы людзям не вярнулі. Але яны былі радыя хоць бы таму, што ім правялі газ. А з кім ваяваць? З Шэршнем ваяваць?
Далей, у 2008 годзе, я зьвярнуўся да старшыні каапэратыву Кузьменкі з просьбай падлучыцца да газаразьмеркавальнага шчыта. Ён мне выставіў рахунак: я мусіў тады заплаціць больш за адзін мільён дзьвесьце тысяч рублёў за выдадзены каапэратывам дазвол на падключэньне. Сума была відавочна завышанай. Я папрасіў Кузьменку абгрунтаваць гэтую суму дакумэнтальна: самі падумайце, 17 чалавек мусілі заплаціць каля сямі мільёнаў за ўвесь аб'ём выкананых работ, а я адзін - мільён дзьвесьце. Ён адкрытым тэкстам паслаў мяне, заявіўшы, што ніякіх дакумэнтаў няма, а ў выпадку маёй нязгоды прыгразіў, што мне давядзецца заплаціць яшчэ вялікшую суму. Кузьменка паводзіўся так нахабна, бо адчуваў - за ім стаіць улада, а хто такі Здрэстаў?
Аднак я гэта так не пакінуў і падаў у суд Віцебскага раёну, каб там разабраліся паводле закону, за што я павінен у гэтым выпадку заплаціць. Я наняў адваката і заплаціў свае ўласныя грошы за разьлік той сумы, якую мне трэба заплаціць за падключэньне дому да газавага шчыта. Як высьветлілася, мне трэба было заплаціць усяго сто зь нечым тысяч рублёў. У колькі разоў завышэньне? Але суд гэты дакумэнт нават не прыняў да ведама. З таго часу я і ваюю. Пазьней мне было адмоўлена і ў судзе Кастрычніцкага раёну гораду Віцебску.
«Аблгаз», бачачы, што я яшчэ доўга буду церабіць ім нэрвы, прапанаваў скласьці дамову, каб падключыць мяне да ўводу, што маецца ў нашым двухкватэрным доме. Але заплаціць мне трэба было тады не мільён з чымсьці, а ўжо больш як чатыры мільёны. Я зноў папрасіў іх абгрунтаваць агучаную імі суму эканамічна мэтазгодным чынам.
Цяпер я зьвярнуўся ў суд Чыгуначнага раёну гораду Віцебску. Ужо была папярэдняя размова ў судзе: там быў я і начальнік аддзелу ЖКГ адміністрацыі Віцебскага райвыканкаму. Папярэднія слуханьні прызначаныя на 30 верасьня. У сваёй пазоўнай заяве я прашу суд «змусіць адказчыка аднавіць сыстэму ацяпленьня ў маім доме да надыходу блізкага ацяпляльнага сэзону эканамічна мэтазгодным і ўзгодненым са мной спосабам».
Усё тое, што адбылося, Леанід Здрэстаў тлумачыць тым, што ў краіне створаная карумпаваная бюракратычная сыстэма, для якой простыя людзі - нішто. Паводле слоў вяскоўца, варта толькі звычайнаму чалавеку праявіць хоць нейкую актыўнасьць або патрабаваць выкананьня сваіх правоў, як на ягоным шляху ўстае які-небудзь «унтэр Прышыбееў» або высоўваецца «дзяржыморда».