Кіраўнік віцебскай абласной філіі партыі БНФ Кастусь Смолікаў увечары 28 сакавіка быў вызвалены з ізалятару часовага ўтрымання, куды трапіў пасля затрымання на Дзень волі. Выйшлі таксама на волю затрыманыя разам з ім віцябляне Алесь Вендт і Іван Казлоў. Яны адбылі за кратамі ІЧУ трое сутак (72 гадзіны) без суду. Суд прызначаны на 30 сакавіка.

27 сакавіка жыхарка Наваполацку Алена Вінакурава набыла букет, каб павіншаваць сваю дачку Кацярыну з днём народзінаў. Кветкі хацела аднесці дачцэ на працу, але па дарозе была затрыманая супрацоўнікамі МУС і пасля складання пратаколу кінутая ў мясцовы цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП), перадае Беларускае Радыё Рацыя.

Суд над затрыманай на Дзень волі ў Віцебску Крысцінай Юдзінай прайшоў на тэрыторыі ізалятару часовага ўтрымання (ІЧУ). Ёй прысудзілі 25 сутак арышту. Ці адбыліся суды над іншымі віцяблянамі, якіх затрымалі 25 сакавіка, у тым ліку над кіраўніком абласной філіі БНФ Кастусём Смолікавым, пакуль невядома. З пэўнасцю можна сказаць толькі тое, што яны не на волі.

25 сакавіка ў Дуброўна ў прыватны дом, дзе жыве актывістка «Народнай Грамады» Наталля Стрэльчанка з дзецьмі, прыйшлі некалькі супрацоўнікаў міліцыі з пастановай на ператрус. Санкцыю на яго даў пракурор Міхаіл Пацееў. Паводле пастановы, нагодай для вобшуку стала нібыта абраза ў мэсэнджары старшыні суду Дубровенскага раёну Марыі Цыклінскай.

Ранкам 25 сакавіка ў Віцебску каля «сіняга дому» быў затрыманы вядомы апазіцыянер Барыс Хамайда. Ён выйшаў у цэнтр гораду на адзіночны пікет з выявай Пагоні – каб павіншаваць віцяблян з Днём волі. Супрацоўнікі МУС падышлі да пікетоўца літаральна праз некалькі хвілінаў. Барыса Хамайду затрымалі і адвезлі ў Чыгуначны РАУС Віцебску.

24 сакавіка суд Першамайскага раёну Віцебску прызнаў журналістку-фрылансерку Алену Шабуню вінаватай у незаконным вырабе прадукцыі СМІ. Паводле ч. 3 арт. 23.5 КаАП суд аштрафаваў Шабуню на 30 базавых велічынь. Відэаматэрыял, які стаў падставай для абвінавачання, быў размешчаны на сайце тэлеканалу «Белсат».

23 студзеня ў Наваполацку падчас трэніроўкі ў спартовым клубе «Форвард» быў затрыманы ўдзельнік стачкі ААТ «Нафтан» Сяргей Лапуноў, паведаміла старонка «Стачкам ААТ «Нафтан» у Фэйсбуку. Паляванне на страйкоўцаў працягнулася і 24 сакавіка.

«Віцебская Вясна» сустрэлася з маці мастака і палітвязня Уладзіслава Макавецкага, асуджанага ў студзені 2020 году на два гады калоніі за гвалт у дачыненні супрацоўніка ўнутраных спраў (арт. 364 КК). Пасля 5 месяцаў, праведзеных у віцебскім СІЗА-2, палітвязня этапавалі ў івацэвіцкую калонію № 22 – так званыя «Воўчыя норы». «Няхай растане гэты стары снег!» – піша адтуль Уладзіслаў.

Віцебскія актывісты, якія раней прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34), пачалі атрымліваць позвы з міліцыі з патрабаваннем зʼявіцца ў пастарунку ранкам 25 сакавіка.

19 сакавіка ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску скончыўся разгляд грамадзянскага пазову адлічанай з другога курсу ВДМУ Паліны Нітчанкі. Студэнтка патрабавала адмяніць дысцыплінарныя спагнанні і аднавіць яе ў навучальнай установе, а таксама – спагнаць з універсітэту судовыя выдаткі. Суд адмовіў у задавальненні іску ў поўным аб'ёме.