Справу разбірала суддзя Марына Марозава. Матывацыя рашэння такая: «з боку пазоўніка мелі месца парушэнні абавязкаў навучэнцаў, i установа адукацыі мела падставы для прыцягнення студэнткі да дысцыплінарнай адказнасці».
Пры гэтым суд зусім не прыняў да ўвагі тыя парушэнні, якія дапусціла навучальная ўстанова пры вынясенні вымоў (прадстаўнік універсітэту не стаў іх аспрэчваць і нават пагадзіўся з імі). Нагадаем, кіраўніцтва ВДМУ правяло паседжанне дысцыплінарнай камісіі, калі Паліна Нітчанка знаходзілася за кратамі і не магла прысутнічаць фізічна і бараніць свае інтарэсы. Цягам трох дзён, як таго патрабуе заканадаўства, універсітэт не азнаёміў студэнтку з вымовай, вынесенай на камісіі. Апроч таго, судовае рашэнне, паводле якога Нітчанка адбывала адміністрацыйны арышт, на момант вынясення вымовы яшчэ нават не набыло законнай моцы.
Дэкан лячэбнага факультэту Марына Фаміна, якая выступала на судзе ў якасці сведкі з боку адказчыка, так нічога па сутнасці і не патлумачыла. На большасць пытанняў адказвала «Не ведаю», «Не памятаю» ці «Была на бальнічным». Заявіла толькі, што «адлічаная Нітчанка была за неліквідацыю акадэмічнай запазычанасці ва ўстаноўленыя тэрміны і сістэматычнае парушэнне абавязкаў навучэнцаў».
У сваю чаргу, начальнік юрыдычнага аддзелу медуніверсітэту Дзяніс Пузанаў заявіў, што ў адпаведнасці з лістом Міністэрства адукацыі, знаходжанне ў ізалятары не можа быць важкай прычынай для няяўкі на экзамен. Між тым, на пытанне адваката, ці ведаюць пра гэты ліст студэнты і ці данеслі да іх гэтыя правілы, заявіў, што «не, бо гэта для службовага карыстання».
Інтарэсы Паліны Нітчанкі на судзе прадстаўляла яе маці Наталля Котава.
Рашэнне суду не набыло законнай моцы і можа быць абскарджанае ў Віцебскім абласным судзе.
Уладзімір Бяляўскі