У віцебскую ПК-3 накіраваны яшчэ адзін палітвязень
Як стала вядома з лістоў журналіста баранавіцкай газеты «Intex-press» Юрыя Ганцарэвіча, ён быў этапаваны ў калонію «Віцьба-3» яшчэ 1 кастрычніка. Тут ён мае адбываць тэрмін, прысуджаны паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). 14 ліпеня судовая калегія абласнога суду Берасця прызнала Юрыя вінаватым і прызначыла яму 2 гады і 6 месяцаў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. 20 верасня 2022 г. Вярхоўны суд пакінуў прысуд без зменаў.
Полацкі суд арыштаваў прадпрымальніцу на 30 сутак, за спробу перадаць калектыўны зварот мясцовым уладам
У Полацку ў сераду 26 кастрычніка была затрымана ІП Таццяна Шастак, якая збіралась перадаць старшыні Наваполацкага гарвыканкаму Дзмітрыю Дзямідаву петыцыю ад мясцовых бізнісоўцаў. У звароце прадпрымальнікі прасілі ўлады растлумачыць ім як працаваць у новых умовах з цэнаўтварэннем.
Неабыякавыя аршанцы добраўпарадкавалі мемарыял на месцы сталінскіх расстрэлаў
29 кастрычніка група жыхароў Воршы ўшанавалі памяць расстраляных ахвяраў сталінізму ва ўрочышчы Кабыляцкая гара. Пра гэтае трагічнае месца стала вядома яшчэ за некалькі год да таго, як адкрылася праўда пра менскія Курапаты: у верасні 1982 года ў Воршы падчас будаўніцтва чыгуначнага адгалінавання Ворша-Паўночная была знойдзена яма з рэшткамі целаў 50 расстраляных. Але дакладная колькасць загінулых тут людзей не вядомая, паводле розных ацэнак – ад 300 да 5000 чалавек. У 1989г. тут прайшоў першы мітынг-рэквіем, арганізаваны тагачаснымі сябрамі Беларускага Народнага Фронту. У 1990г. па ініцыятыве аршанскай грамадскасці на месца расстрэлаў быў пастаўлены першы мемарыяльны крыж.
Былому палітвязню – аршанцу пагражае да 3-х гадоў турмы за ўцёкі
Ураджэнец Воршы Аляксей Коршун быў асуджаны на 2 з паловай гады пазбаўлення волі за каментар ва «ВКонтакте». Пазней ён трапіў у спіс амніставаных – яму замянілі калонію на абмежаванне волі («хімію»). Тэрмін пакарання хлопец адбываў у папраўчай установе адкрытага тыпу №3 у Бярозе, аднак у лістападзе 2021 году здолеў збегчы з-пад варты. У чэрвені гэтага году яго затрымалі ў Расеі, ён быў выдадзены расейскімі ўладамі, і напрыканцы кастрычніка вернуты ў Беларусь.
У Віцебску 7-га лістапада запланавана ўрачыстае адкрыццё бюста Леніна
Бетонны бюст вырабу 1969г. з’явіцца каля паліклінікі №4, якая носіць імя Леніна. Калісьці падобны артаб’ект тут ужо быў, але ўночы з 4 на 5 жніўня 1994-га году яго пашкодзілі невядомыя асобы. Аднаўляць бюст не сталі, бо ідэі правадыра сусветнага пралетарыяту, дый памяць пра яго самога ўжо не ўяўляліся абсалютнымі каштоўнасцямі на мяжы ХХ і ХXІ стагоддзяў. І вось больш як праз 25 гадоў мясцовыя ўлады вырашылі, што Ленін каля паліклінікі ягонага імя проста неабходны. Меркаваннямі гараджан, як і зазвычай, улады не пацікавіліся.
Сёння, 30 кастрычніка - Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій
Гэты памятны дзень, у які праходзяць жалобныя акцыі і памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя памяці людзей, якія загінулі і пацярпелі падчас палітычных рэпрэсій у гады сталінізму. У Віцебску гісторыя з рэпрэсіямі паўтарылася ў 2020 годзе. За два гады нашчадкі ці прыхільнікі крывавага сталінізму кінулі за краты сотні жыхароў Віцебшчыны, якія адважыліся паўстаць і запатрабаваць сумленных выбараў, справядлівасці і свабоды.
Віцебскія ўлады пазбавілі рэгістрацыі маладзёжную лігу клубаў вясёлых і знаходлівых
Маладзёжнае грамадскае аб'яднанне "Віцебская ліга КВЗ" спыніла сваё існаванне ў якасці юрыдычнай асобы. Стартам працэдуры ліквідацыі стала рашэньне Віцебскага абласнога суда прынятае яшчэ ў сакавіку 2022 года. Ініцыятарам знішчэння маладзёжнай арганізацыі стала кіраўніцтва Упраўлення юстыцыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта.
Віцебскага блогера і прадзюсара Уладзіслава Савіна асудзілі яшчэ і за абразу Лукашэнкі
У судзе Баранавіцкага раёну і г. Баранавічы разгледзелі крымінальную справу супраць блогера і прадзюсара Уладзіслава Савіна, якога 30 красавіка мінулага году асудзілі да васьмі гадоў калоніі за «махлярства ў буйным памеры» (ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэксу), а таксама за арганізацыю і ўдзел у акцыях пратэсту (арт. 342 Крыминальнага Кодэксу). Ён знаходзіцца ў зняволенні, і цяпер яго судзілі паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэксу за абразу Лукашэнкі ў вершы, змешчаным у апеляцыйнай скарзе. Суддзя Вікторыя Пакунова 26 кастрычніка прызначыла яму яшчэ два гады калоніі.
У палітвязня аршанца Васіля Береснева з’явіўся “хросны”
Дэтлеф Мюлер, дэпутат нямецкага Бундэстагу і былы “хросны” вызваленага Яўгена Дзмітрыева, стаў “хросным” 72-гадовага Васіля Бераснева.
Праваабаронца-палітвязень Валянцін Стэфановіч пераабраны віцэ-прэзідэнтам FIDH
27 кастрычніка ў межах 41-га Кангрэсу Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, сябра ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнт FIDH, пераабраны на гэтай пасадзе.