Згодна з версіяй абвінавачвання, Савін напрыканцы чэрвеня 2022 г., «маючы намер на публічную абразу прэзідэнта, знаходзячыся ў камеры № 49 СІЗА-6, напісаў апеляцыйную скаргу, якая змяшчае непрыстойныя выказванні абразлівага характару ў адносінах да прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Паводле вынікаў экспертызы, «верш мае негатыўную ацэнку прэзідэнта, ён разлічаны на азнаямленне шырокага нявызначанага кола асоб, у тым ліку асоб, якія ўтрымліваюцца з ім у адной камеры пад вартай, супрацоўнікаў СІЗА-6 і Мінскага гарадскога суда». І паколькі ён «падаў апеляцыйную скаргу для агляду, азнаямлення і наступнага накіравання ў Мінскі гарадскі суд, то тым самым публічна прынізіў гонар і годнасць Лукашэнкі».
Дарэчы, гэты верш у судзе так і не быў агучаны, але сваю віну Уладзіслаў Савін прызнаў цалкам. У апошнім слове блогер сказаў сказаў:
«Што тычыцца прэзідэнта, то ў скарзе ўсё пазначана. Вершы я пісаў, бо я сябе лічу паэтам. І мяне многія лічаць паэтам. Вершы я буду пісаць. У вершах я адлюстраваў сваё асабістае меркаванне… Калі я быў камандзірам аддзялення роты ганаровай варты, то служыў пры Аляксандры Лукашэнку. Тады я быў яго прыхільнікам, і я б ніколі ў жыцці не падумаў, што такая сітуацыя ў маім жыцці магчымая. Але ў жніўні 2020 года я прыняў рашэнне выказацца ў адносінах таго, што адбываецца. І я лічу тое, што ў маім жыцці цяпер адбываецца і адбылося – гэта вынік майго выбару: маўчаць ці сказаць тое, што я думаю».
Што да ранейшага прысуду, то свае віны паводле ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэксу (Махлярства, здзейсненае арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры) Уладзіслаў Савін не прызнаў, а па арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) – прызнаў цалкам. Сумарна, з улікам не адбытага да канца пакарання па першым прысудзе Савіну застаецца знаходзіцца за кратамі яшчэ 7 з паловай гадоў.
Станіслаў Іваноўскі