41-ая сесія Кангрэсу Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) распачалася 23 кастрычніка ў Парыжы. Нагадаем, палітзняволены праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч з'яўляецца віцэ-прэзідэнтам FIDH з 2019 года. Падчас адкрыцця Кангрэсу партрэты зняволеных вясноўцаў выставілі ў першым шэрагу, а кіраўнік аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі FIDH Ілля Нузаў зачытаў зварот Валянціна з-за кратаў.
"Асобна хацеў бы падзякаваць сваім братам і сёстрам праваабаронцам за іх салідарнасць і падтрымку ўсіх пазбаўленых свабоды праваабаронцаў у свеце, і, канешне, мяне асабіста. Праваабарончая салідарнасць — магутная сіла, і я веру, што хутка змагу далучыцца да вас, каб разам крочыць па гэтым нялёгкім шляху, да сусветнай гармоніі, любові і міру", — адзначыў у звароце Валянцін Стэфановіч.
Падчас мерапрыемства дэлегаты з В'етнама, ЗША, Арменіі, Малдовы, Беларусі, Бельгіі, Расіі, Францыі, Калумбіі, Нарвегіі, Казахстану і Батсваны падтрымалі зняволеных праваабаронцаў «Вясны». Таксама на адкрыцці прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і намеснік мэра Парыжа ўзгадалі Праваабарончы цэнтр "Вясна" і яго заснавальніка палітзняволенага Алеся Бяляцкага, які разам з расійскім праваабарончым цэнтрам "Мемарыял" і ўкраінскім "Цэнтрам грамадзянскіх свабод" стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.