7-га лістапада каля піраміды «Марка-сіці» ў Віцебску правёў агітацыйны пікет кандыдат у дэпутаты па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18 сябра Партыі БНФ і Руху «За Свабоду» Аляксей Гаўруцікаў. Падчас пікету Гаўруцікаў выказаў салідарнасьць зь берасьцейскімі выбарцамі ў іх змаганьні супраць будаўніцтва небясьпечнага для гораду акумулятарнага заводу.

Каля 70 чалавек сабраліся 7 лістапада каля помніка Леніну ў Віцебску, каб адзначыць сьвята, якое ў Беларусі носіць назву «Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі». Удзельнікі ўсклалі кветкі да помніку «правадыра» і правялі імправізаваны мітынг. За дзеяй назіралі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, але нікога не папярэджвалі і не затрымлівалі.

У Віцебску 7-10 лістапада пакажуць сем стужак з праграмы міжнароднага фэстывалю дакумэнтальных фільмаў WATCH DOCS Belarus. Дзьве зь іх – пра Беларусь і беларусаў. Кінапаказы адбудуцца ў бітлз-клюбе «Паддашак» («Чердачок»), арт-пабе «Торвальд» і ў офісе YMCA. Уваход – бясплатны.

Уладальнік сядзібы батаніка Адамава Максім Жукаў прапануе пераназваць вуліцу Савецкую ў Вялікіх Лётцах у вуліцу Ўладзімера Адамава. Электронная пэтыцыя з просьбай аб перайменаваньні зьявілася 4 лістапада на пляцоўцы «Зручны горад». Электронны зварот будзе накіраваны ў Віцебскі райвыканкам.

У Віцебску 3 лістапада адбылася сустрэча зь першым кіраўніком незалежнай Беларусі Станіславам Шушкевічам. Дыскусія пад назвай «Незалежнасьць – прарыў у будучыню» была арганізаваная грамадзкай арганізацыяй «Альтэрнатыва».

Сябра руху «За Свабоду» Уладзімер Сіманковіч вылучаецца кандыдатам у дэпутаты па Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе №19. У нядзелю 3 лістапада падтрымаць яго прыехаў у Віцебск кіраўнік руху Юрась Губарэвіч. У гэты ж дзень ён выступаў і ў Наваполацку – на агітацыйным пікеце, які ладзіла актывістка руху Вольга Дамаскіна.

Агітацыйныя мерапрыемствы праходзяць у Віцебску пры поўным дамінаваньні кандыдатаў, якіх мясцовыя назіральнікі называюць «праўладнымі». Іх жа канкурэнтам выносяць папярэджаньні і ніяк не спрыяюць у арганізацыі сустрэч з выбаршчыкамі. Яшчэ адна тэндэнцыя: актвізаваўся БРСМ…

У суботу 2 лістапада біскуп Віцебскі Алег Буткевіч разам зь вернікамі наведаў месцы расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Хайсах пад Віцебскам. Стваральнікі народнага мэмарыялу, вернікі розных канфэсій усклалі кветкі да памятных крыжоў і памаліліся разам зь біскупам.

Напярэдадні Дзядоў адзін з найстарэйшых віцебскіх апазыцыянэраў Барыс Хамайда наведаў могілкі ў Віцебскім раёне, дзе пахаваныя людзі, якія стаялі ля вытокаў дэмакратычнага руху ў Віцебску. Хамайда прыяжджае да сваіх сяброў і паплечнікаў, якія сышлі з жыцьця, штогод – гэтай традыцыі ўжо 13 гадоў.

Віцебскі абласны суд разгледзеў 31 кастрычніка апэляцыйную скаргу аршанца Рамана Кузьмянкова на рашэньне суду Аршанскага раёну, які не задаволіў ягоны пазоў да камісіі па спрыяньні занятасьці насельніцтва. У судзе першай інстанцыі Кузьмянкоў прасіў спагнаць з Аршанскага райвыканкаму амаль 700 тысяч рублёў маральнай шкоды, якую яму прычынілі ўключэньнем у так званы “сьпіс дармаедаў”.