Пятніца, 08 Лістапад 2019

На пікеце ў Віцебску кандыдат Гаўруцікаў падтрымаў зьнятых з выбараў берасьцейцаў

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Аляксей Гаўруцікаў падчас пікету Аляксей Гаўруцікаў падчас пікету

7-га лістапада каля піраміды «Марка-сіці» ў Віцебску правёў агітацыйны пікет кандыдат у дэпутаты па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18 сябра Партыі БНФ і Руху «За Свабоду» Аляксей Гаўруцікаў. Падчас пікету Гаўруцікаў выказаў салідарнасьць зь берасьцейскімі выбарцамі ў іх змаганьні супраць будаўніцтва небясьпечнага для гораду акумулятарнага заводу.

Аляксей Гаўруцікаў расказваў мінакам пра тое, што кандыдатаў у дэпутаты, якія выступалі супраць пабудовы экалягічна шкоднай вытворчасьці ў Берасьці, чыноўнікі папросту зьнялі з выбараў.

«Далоў сваволю чыноўнікаў і аблвыбаркаму ў Берасьці! Вярнуць кандыдатам, праціўнікам пабудовы заводу АКБ, статус кандыдатаў у дэпутаты! Забараніць пабудову акумулятарнага заводу! Спыніць будаўніцтва Астравецкай АЭС», – заклікаў Аляксей Гаўруцікаў.

Аляксей Гаўруцікаў балятуецца па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18

Пікет прайшоў спакойна, але быў выпадак, калі мужчына пэнсійнага веку голасна выказаўся супраць адмоўнага стаўленьня прадстаўнікоў апазыцыйнай партыі да адзінай валюты і цеснай інтэграцыі з Расеяй.

За пікетам назіралі прадстаўнікі АБСЭ з Чэхіі і Расеі.

Разам з паплечнікамі - Хрыстафорам Жаляпавым і Ўладзімерам Сіманковічам

Увечары Аляксей Гаўруцікаў разам з даверанымі асобамі правёў сустрэчу з выбарцамі ў актавай залі сярэдняй школы №46, якая знаходзіцца ў мікрараёне Білева. На сустрэчы прысутнічалі мясцовыя настаўнікі і некалькі гараджанаў.

Настаўнікаў найбольш цікавіла пытаньне якаснай і даступнай мэдыцыны, якое яны ўзьнімалі некалькі разоў. Спаслаўшыся на дэкляраваны ў праграме кандыдата «пераход да страхавой мэдыцыны», папрасілі растлумачыць, як у гэтым выпадку будуць абслугоўвацца малазабясьпечаныя станы насельніцтва. Аляксей Гаўруцікаў патлумачыў, што пераход да страхавой мэдыцыны будзе паступовым, а для пэнсіянэраў і малазабясьпечаных захаваецца дзяржаўная мэдыцына.

Удзельнікі сустрэчы з кандыдатам

Цікавіла прысутных і пытаньне ўзаемадачыненьняў паміж Беларусьсю і яе ўсходняй суседкай. Пыталіся, якая верагоднасьць таго, што сытуацыя можа скласьціся як ва Ўкраіне. Гаўруцікаў падкрэсьліў, што верагоднасьць расейскай агрэсіі для Беларусі пакуль што захоўваецца.

Як лічыць сам кандыдат у дэпутаты, размова атрымалася канструктыўнай.

С. Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.