Аўторак, 05 Лістапад 2019

У Віцебску пройдзе кінафэст аб правах чалавека WATCH DOCS Belarus. Што пакажуць?

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

У Віцебску 7-10 лістапада пакажуць сем стужак з праграмы міжнароднага фэстывалю дакумэнтальных фільмаў WATCH DOCS Belarus. Дзьве зь іх – пра Беларусь і беларусаў. Кінапаказы адбудуцца ў бітлз-клюбе «Паддашак» («Чердачок»), арт-пабе «Торвальд» і ў офісе YMCA. Уваход – бясплатны.

7 стужак, якія пакажуць у Віцебску

  1. «Сустрэча выпускнікоў / the Reunion» (Швэцыя, 2013), рэжысэрка Анна Одэлл.

Мастачку не запрасілі на сустрэчу выпускнікоў. У адказ яна здымае фільм пра тое, што магло б адбыцца, калі б яна туды пайшла…

Стужку пакажуць у офісе YMCA (вул. Кастрычніцкая,13). Пачатак – 7 лістапада а 17-й.

  1. «Вырасла, пакуль ты спала» (Польшча, Беларусь, 2018), рэж. Марцін Саўтэр.

Гісторыя пра таленавітую музыку Караліну Орсік зь Беларусі. Фільм зьняў вучань славутага Анджэя Вайды.

Глядзець 8 лістапада ў арт-пабе TORVALD. Пачатак а 16-й гадзіне.

  1. «Атам» / Atomic (Вялікабрытанія, 2015), рэж. Марк Казінс.

Дакумэнтальны фільм аб ядравай бомбе, скінутай на Хірасіму, і яе «спадчыне».

Кінапаказ у межах «Кінаночы» у бітлз-клюбе «Паддашак» (23:00 – 05:00).

  1. «Працэс. Расейская Фэдэрацыя супраць Алега Сянцова» (Польшча, Чэхія, 2018), рэж. Аскольд Куроў.

Фільм, зьняты ў падтрымку ўкраінскага кінарэжысэра Алега Сянцова з боку міжнароднай супольнасьці і ягоных калег па цэху.

Кінапаказ у межах «Кінаночы» у бітлз-клюбе «Паддашак» (23:00 – 05:00).

  1. «Лайла ля моста» (Данія, 2018), рэж. Элізабэт і Гюлістан Мізраяй.

Фільм пра «маці наркаманаў» Лайлу Хадары, якая змагаецца за захаваньне свайго цэнтру, у яким лечыць ад наркаманіі. Усё гэта на тле фізычных пагроз і сыходу міжнароднай супольнасьці з Аўганістану…

Кінапаказ у межах «Кінаночы» у бітлз-клюбе «Паддашак» (23:00 – 05:00).

  1. «Стрыптыз і вайна» (Беларусь, 2019), рэж. Андрэй Куціла.

«Канфлікт пакаленьняў становіцца роздумам аб супярэчнасьцях постсавецкай прасторы…»

Кінапаказ у межах «Кінаночы» у бітлз-клюбе «Паддашак» (23:00 – 05:00).

  1. «Падзямельле надзеі» / The Underground of Hope» (Польшча, 2018).

Праблема мэдычнай марыхуаны ўсё яшчэ выклікае шмат эмоцый у Польшчы. Гутаркі з экспэртамі і лекарамі не пакідаюць сумневаў: пакараньне за марыхуану павінны атрымліваць толькі наркагандляры…

Прагляд адбудзецца ў офісе YMCA (вул. Кастрычніцкая,13), пачатак – 18.00.

WATCH DOCS Belarus – фэстываль дакумэнтальнага кіно аб правах чалавека. Упершыню паказы прайшлі ў Варшаве ў 2001 годзе, а ў 2015 годзе фэстываль прыйшоў у Беларусь. За пяць гадоў WATCH DOCS стаў пляцоўкай для сустрэч з праваабаронцамі, палітыкамі, адмыслоўцамі ў іншых абласьцях, кінарэжысэрамі і героямі фільмаў.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.