Нядзеля, 08 Верасень 2024

Свята пад забаронай: 510-я ўгодкі бітвы пад Оршай

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

8 верасня 1514 г. на  каля Оршы  на рацэ Крапіўне адбылася найбуйнейшая бітва паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай - войска гетмана Канстанціна Астрожскага разбіла ўтрая большае войска маскоўскага княства. У вайсковай гісторыі яе называюць Аршанскай бітвай. Даследчыкі ставяць яе ў адзін шэраг з такімі  трыюмфамі беларускай зброі, як Грунвальд, Кірхгольм ды інш. Узбярэжжа  Крапіўны стала знакавым аб'ектам у пачатку 1990-х, калі  энтузіясты беларушчыны пачалі праводзіць тут бардаўскі фэст «Аршанская бітва». Але грамадская ініцыятыва трапіла пад забарону праз тое, што супярэчыла ідэалагічнай рыторыцы пра «спрадвечнае братэрства рускага і беларускага народа».

Пасля брутальнага разгону ўдзельнікаў і наведнікаў ў 2008 годзе музычны фэст змяніў свой фармат. На полі каля вёскі Гацькаўшчына больш не паўставалі намётавыя гарадкі пад бел-чырвона-белымі сцягамі, у знакавым месцы больш не збіраліся сотні людзей з усёй Беларусі, каб паслухаць беларускіх бардаў. Але традыцыя ўшаноўваць ўгодкі знакамітай бітвы на полі, дзе яна адбылася, захоўваецца і дагэтуль: ахвотныя адзначыць гэтую падзею запальваюць сяброўкія вогнішчы ў ваколіцах. А тыя, хто хоча ўбачыць на свае вочы поле Аршанскай перамогі, прыязжаюць і прыходзяць туды на свой страх і рызыку быць затрыманымі за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Гэтая поле даўно стала знакавым аб'ектам: тут усталяваны 5-метровы крыж з надпісам «Героям Аршанскай перамогі», на самым беразе ляжыць помнік-камень у памяць пра палеглых продкаў. Іх злучае «Сцяжына герояў», уздоўж якой ляжаць валуны з надпісамі і выявамі дзеячоў ВКЛ. Пра стварэнне самаробнага мемарыяльнага комплекса на працягу некалькіх гадоў рупіліся добрыя людзі, аматары беларускай гісторыі. Істотны ўнёсак ва ўшанаванне памяці пра гістарычную падзею зрабіў мастак-палітвязень Алесь Пушкінякі загінуў падчас зняволення.... А мясцовыя ўлады не зрабілі анічога — калі не лічыць штогадовых загадаў узараць поле напярэдадні даты 8 верасня, каб туды было цяжэй дабірацца.

У пачатку 1990-х менавіта 8 верасня адзначалася Дзень беларускай вайсковай славы. У гэты дзень у 1992 годзе на Плошчы Незалежнасці ў Мінску беларусы-афіцэры прынялі вайсковую прысягу на вернасць Беларусі. У імпрэзе прымалі ўдзел афіцэры ў адстаўцы і палітычныя дзеячы Беларускага Народнага Фронту — побач стаялі пісьменнік Васіль Быкаў, палітык Зянон Пазьняк, гісторык Анатоль Грыцкевіч. Але ў другой палове 1990-х гадоў, калі прэзідэнтам стаў Аляксандар Лукашэнка, афіцыйныя гісторыкі вырашылі, што адзначэньне ўгодкаў бітвы пад Воршай можа папсаваць адносіны з Расіяй. І інфармацыя пра аршанскую перамогу стала замоўчвацца, а спробы ўшанаваць гістарычную дату — карацца.

Але гістарычная памяць - непераможная. І сёння дату 8 верасня, на якую прыпыдаюць 510-я ўгодкі бітвы пад Оршай, беларусы адзначаюць па ўсім свеце: у Кіеве, у Вільні, у Брусэлі, у Беластоку і ў Варшаве. І на тым Крапівенскім полі пад Оршай, дзе «Сцяжына герояў» ніколі не зарастае пустазеллем.

Юрка Жмых