Кіраўнік Віцебскай дыяцэзіі не ўпершыню наведвае гэтае месца журбы, выслухоўвае расповеды актывістаў і сваякоў рэпрэсаваных.
Ля помніку Вользе Данцыт біскуп Алег Буткевіч казаў пра сымбаль крыжа, які ёсьць ня толькі знакам пакутніцкай сьмерці Хрыста, але і знакам надзеі для кожнага верніка.
«Прайшоўшы праз крыж нашых зямных выпрабаваньняў, мы маем магчымасьць і надзею на вечнае жыцьцё. Таму просім, каб тыя, хто такім трагічным чынам скончыў сваё зямное жыцьцё, атрымалі ласку, прабачэньне, міласэрнасьць і ўдзел у жыцьці вечным», – казаў Алег Буткевіч.
Як расказаў кіраўнік грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў, імя віцебскай настаўніцы латышкі Вольгі Данцыт удалося вярнуць зь нябыту па надпісе на грабеньчыку, знойдзеным вайскоўцамі пошукавага батальёну ў адной з магілаў. Разам зь яе прозьвішчам на помніку, усталяваным сёлета, увекавечаныя прозьвішчы яшчэ 41 латыша, якіх сталінская карная сыстэма зьнішчыла выключна па нацыянальнай прыкмеце.
Прозьвішчы былі выбраныя з «Картатэкі Сталіна». Імаверна, што іх забілі ў гэтым жа лесе.
Грамадзкі актывіст зь Віцебску Аляксандар Квіліс прыгадаў расповед бабулі пра тое, як быў рэпрэсаваны ягоны дзед.
«Дзеда, які быў старшынём калгасу, выклікалі ў раён. Назад вярнуўся толькі ягоны конь. Пасьля канфіскацыі маёмасьці «ворага народу» бабуля засталася на вуліцы з чатырма дзецьмі, адзін зь якіх быў яшчэ немаўлём», – расказаў Квіліс.
Перад пачаткам малітвы ля помніку ахвярам рэпрэсій Ян Дзяржаўцаў нагадаў, што помнік быў усталяваны ў гэтым годзе дзякуючы дапамозе прадпрымальніка Аляксандра Швейбы.
Побач з помнікам ля трох жалезных крыжоў на ўскрайку лесу біскуп Алег Буткевіч казаў пра тое, што мы ўсе павінны задаць сабе пытаньне: «Што трэба зрабіць, каб гэтага больш не паўтарылася?»
Прычынай сталінскіх рэпрэсій Алег Буткевіч назваў «бязьвер’е людзей і рэжымаў, якія адкідалі Эвангельле, а ўжо сьледам за няверай ішла непавага да чалавека і да людзкога жыцьця».
«Калі чалавек адкідае веру, адкідае Бога, узьнікае небясьпека нешанаваньня людзкога жыцьця», – сказаў Алег Буткевіч.
Пасьля супольнай малітвы і асьвячэньня крыжоў біскуп Буткевіч выказаў падзяку ўсім прысутным, за іх працу і ўдзел у малітве.
Нагадаем, 30 кастрычніка з удзелам біскупа Віцебскага ў катэдральным касьцёле абласнога цэнтру была адкрытая фотавыстава «Хайсы – вiцебскiя Курапаты».
С. Горкі, фота аўтара