Працэс распачнецца 17 ліпеня ў 10.00 і будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Разбіраць справу Зуева прызначылі суддзю Галіну Бондал. Актывіста, які вымушана з'ехаў з Беларусі ў 2021 годзе, 16 траўня ўключылі ў «экстрэмісцкі спіс» МУС, і цяпер будуць судзіць паводле паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Гродна. Турма №1. Тут утрымліваюць палітвязняў Паўла Севярынца, Мікалая Аўтуховіча, Мікалая Дзядка – паводле звестак праваабаронцаў, у гэтай турме ўсяго 55 палітычных зняволеных. Тут правёў свае апошнія дні ў страшных пакутах мастак і перформер Алесь Пушкін. 11 ліпеня 2023 года адміністрацыя паведаміла пра смерць палітвязня. Да таго практычна цягам месяца Пушкін скардзіўся на болі ў жываце, але не атрымліваў належнай медычнай дапамогі. Калі яго ўсё ж даставілі ў лякарню, было позна: знакаміты мастак сканаў ад прабадной язвы страўніка. 

У Віцебскім абласным судзе 10 ліпеня разбіралі пазоў Міністэрства юстыцыі па ліквідацыі чарговага спартовага аб'яднання. Гэтым разам непажаданой аказалася ГА Беларуская федэрацыя спорту чанбара, зарэгістраванае ў верасні 2016 года ў Віцебску. Як тады пісала БЕЛТА, «цель деятельности федерации — объединение усилий его членов для совершенствования и дальнейшего развития спорта чанбара в Беларуси, его популяризация среди населения».

За распаўсюд «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі» паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП судзяць Надзею Бяко ( суд 10 ліпеня) і Максіма Васілеўскага (суд 9 ліпеня). Судзяць абодвух у судзе Чыгуначнага раёна Віцебска. Суддзя – Алена Цыганкова, вядомая ў горадзе па ранейшых «палітычных» прысудах.

Пасля апошняй рэканструкцыі віцебскай Плошчы Перамогі, дзе ў 2008 годзе знішчылі ўсе зялёныя расліны, на забрукаванай тэрыторыі з'явіліся так званыя «сухія фантаны». Або «падземныя фантаны» - калі струмяні вады б'юць з фарсунак «пад зямлёй». Такія аб'екты – зусім не дзіва ў еўрапейскіх, да і некаторых беларускіх гарадах, і найбольш яны даспадобы децям у спякотныя дні. Аднак у Віцебску, па задумцы рэканструктараў, фантаны выконваюць «ідэалагічную функцыю» - 118 струменяў павінны нагадваць пра 118 апошніх жыхароў, якія сустрэлі вызваленне горада 26 чэрвеня 1944 года ( некалькі тысяч віцяблян за некалькі дзён да гэтага нацысты пад канвоем вывелі ў канцлагеры). Дык ці не блюзнерства – купацца ў «мемарыяльным» фантане?

З 12 ліпеня ў Беларусі ўступае ў сілу закон "Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці". Зняволеным у калонію можна будзе перадаць на 1 перадачу больш, але адміністрацыі будзе нададзена права больш жорстка «выховаць парушальнікаў рэжыму» - змяшчаць іх у ШІЗА на 15 сутак (замест ранейшых 10). Змены будуць тычыцца і тых, хто пакараны «хіміяй», і тых, хто знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам.

У Брэсцкім абласным судзе завочна вынеслі прысуды «удзельнікам экстрэмісцкага фарміравання «Форум дэмакратычных сіл Беларусі». У яго складзе згадвваліся ўраджэнка Віцебска Вольга Карач і жыхар Наваполацка Яўген Вільскі, якія цяпер знаходзяцца за мяжой. Крымінальныя справы супраць іх разбіралі ў парадку спецвытворчасці,  падсудным інкрымінаваны «шэраг наўмысных злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці».

Вельмі арыгінальным чынам перад сваімі чытачамі «адсправаздачылася» раённая газета «Наша Талачыншчына». На сайце выдання з'явіўся артыкул пад назвай «Устраивает ли жителей и гостей Толочина ассортимент в розничной торговой сети?» Карэспандэнты высвятлялі гэта, задаючы пакупнікам усяго адно пытанне, але зусім не пра асартымент... Спойлер: дзяржаўнае рэгіянальнае СМІ сцвярджае, што ўсё ў парадку, бо «няма чэргаў і паліцы не пустыя».

Каб знесці «недабуд», спатрэбіцца амаль 400 тысяч рублёў. Колькі было ўкладзена ў будаўніцтва, сказаць складана. А пачатак гэтая гісторыя бярэ ў тыя часы, калі Орша рыхтавалася да «Дажынак-2008». Тады ў райцэнтр былі сцягнуты будаўнічыя арганізацыі з усёй Беларусі, бо грошай з бюджэту было выдаткавана дастаткова для пасштабных пераўтварэнняў. І, як гэта бывае часта, у самы непадыходзячы момант фінансы скончыліся. За зробленыя працы з мінскай фірмай ААТ «Саната–Строй»  не разлічыліся. І фірма, якая будавала школу ў аграгарадку Літусава, практычна збанкрутавала.

Сёння Дзмітрый Паўлічэнка -  старшыня савета Беларускай асацыяцыі ветэранаў падраздзяленняў войскаў МУС «Честь», палкоўнік запасу. Пра яго сустрэчу з выхаванцамі дзіцячага аздараўленчага лагера «Бароўка» падрабязна распавяла газета  «Лепельскі край» Раённая газета называе яго «героем». Дзмітрый Паўлічэнка распавядаў дзецям  пра «ліхія 90-я», пра сваю службу ў спецназе, і пра тое, як падраздзяленні спецназу і міліцыі змагаліся супраць «неадэкватнага натоўпу» падчас пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.