Субота, 06 Ліпень 2013

Дзьве дзяржаўныя абласныя газэты Віцебшчыны аб’ядналі ў адну

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На інфармацыйным рынку Віцебскай вобласьці зьявілася новае друкаванае СМІ - газэта “Вітебскіе весті”. Яна аб’яднала два абласных выданьні - “Віцебскі рабочы” і “Народнае слова”. Першы нумар газэты выйшаў 2 ліпеня. Рашэньне аб рэарганізацыі гэтых газэт прыняў заснавальнік - Віцебскі аблвыканкам. Ад новага выданьня ён чакае “стварэньня якаснага, прафэсійнага інфармацыйнага прадукту, які выключыць дубляваньне інфармацыі”.

Апроч таго, заснавальнік спадзяецца, што “аб’яднаньне дзьвюх абласных газэт у адну дазволіць пазьбегнуць распыленьня фінансавых сродкаў”. Як і папярэднікі, “Вітебскіе весті” будуць выходзіць тры разы на тыдзень - па аўторках, чацьвяргах і суботах, але аб’ём нумароў павялічыцца.

“Народнае слова” выходзіла з 4 студзеня 1991 году, “Віцебскі рабочы” - з 11 лістапада 1917 году. Пры аб’яднаньні дзьвюх рэдакцыяў у адну давялося разьвітацца зь некаторымі супрацоўнікамі. Абавязкі галоўнага рэдактара “Вітебскіх вестей” выконвае Алена Сыс, былы намесьнік рэдактара “Віцебскага Рабочага”. Наклад першага нумару новай газэты - 12 700 асобнікаў. Яго вёрстка і дызайн амаль такія самыя, як былі ў “Народнага слова”.

Першы нумар прысьвечаны сьвяткаваньню дня гораду Віцебску і дня незалежнасьці. Сярод іншых публікацыяў можна адзначыць рэпартаж з будаўніцтва Віцебскай ГЭС, на якой працуюць кітайскія спэцыялісты, інтэрвію з навукоўцам з Полацку Ўладзімерам Лобачам, матэрыял пра будучы віцебскі музэй Юрыя Пэна і пра мастака-рэстаўратара яго карцін Юрыя Кегелева.

Электроннага варыянту новага выданьня пакуль няма. Плянуецца, што анлайн-вэрсія “Вітебскіх вестей” будзе знаходзіцца на сайце былога “Віцебскага Рабочага”. Але ў цяперашні момант ён знаходзіцца на рэканструкцыі. Пакуль рэдакцыя газэты раіць чытаць яе ў “жывым” фармаце: выпісваць або купляць у шапіках “Саюздруку”.

Крыніца: Тут.бай