Паводле дакумэнту, Кастрычніцкі РАУС завёў супраць яе адміністрацыйную справу паводле ч. 2 арт. 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Міліцыянты сьцьвярджаюць, што Алена на працягу доўгага пэрыяду “ажыцьцяўляла прафэсійную дзейнасьць журналіста замежнага СМІ “Радыё Свабода” без адпаведнай акрэдытацыі”.
“У матэрыялах справы, якія перадаюцца ў суд, сярод доказаў ёсьць і такія: маўляў, міліцыянты бачылі, што я прысутнічала ў судох над актывістамі і нешта запісвала ў сваім блякноце, – распавяла прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алена. – Альбо нехта бачыў, што я званю па тэлефоне і расказваю пра падзеі “нявысьветленым асобам”. З гэтага яны робяць выснову, што я супрацоўнічаю з Радыё “Свабода”…”
Журналістка адмовіліся даваць тлумачэньні, спаслаўшыся на арт. 27 Канстытуцыі, які дае чалавеку права ня сьведчыць супраць самога сябе.
У жніўні мінулага года Алене Сьцяпанавай абласная пракуратура вынесла папярэджаньне за супрацоўніцтва з “чэскай рэдакцыяй Радыё “Свабода””. Хаця такога СМІ і не існуе, аспрэчыць санкцыю журналістцы тады не ўдалося.
12 ліпеня справу Алены будзе разглядаць Кастрычніцкі райсуд Віцебску, пачатак а 15-й гадзіне. У выпадку прызнаньня журналісткі вінаватай ёй можа пагражаць штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічыняў.