Алесь Бяляцкі, старшыня праваабарончай арганізацыі "Вясна", утрымліваецца ў турме з 4 жніўня 2011 году. У лістападзе 2011 году ён быў прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Прысуд без сумневу зьвязаны з праваабарончай дзейнасьцю Алеся Бяляцкага ў Беларусі.
Паведамленьне са зьнешняга сьвету шмат значыць для праваабаронцы. Дашліце ліст падтрымкі Алесю – пакажыце, што вы неабыякавыя і дапамажыце яму ня падаць духам!
Падпішыце гэтую пэтыцыю да 12 ліпеня, каб дадаць сваё імя ў лісьце. Civil Rights Defenders дашле гэтую пэтыцыю яму поштай у канцы ліпеня.
Камэнтар Алеся Бяляцкага адносна гэткай увагі паказвае ягоны добры й сьціплы характар:
"Такая міжнародная падтрымка бянтэжыць мяне, я думаю, што я гэтага не заслугоўваю. Адзінае, што мяне супакойвае – тое, што гэтыя людзі ня проста падтрымліваюць асабіста мяне, але выказваюць свой пратэст супраць сыстэматычных парушэньняў правоў чалавека. Гэта простае і яснае пасланьне да ўсіх беларусаў".
Алесь Бяляцкі быў двойчы намінаваны на Нобэлеўскую прэмію міру, ягоныя мужныя й пасьлядоўныя дзеяньні ў галіне правоў чалавека былі адзначаныя шматлікімі міжнароднымі ўзнагародамі.
Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"