Пазней стала вядома, што ператрус правялі таксама і па месцы прапіскі ягонай жонкі, таксама забралі мабільныя тэлефоны і ноўтбук. Жонка распавяла праваабаронцам, што ў пастанове на ператрус паспела прачытаць, нібыта супраць Вячаслава Лазарава распачата крымінальная справа.
У чым канкрэтна яго вінавацяць, пакуль застаецца не вядомым. На дадзены момант вядома, што Лазарава ўтрымліваюць у віцебскім ІЧУ.
Ператрусы ў Вячаслава Лазарава праводзіліся і раней. Пад увагу сілавых структураў ён упершыню трапіў у 2018г, калі яго асудзілі і пакаралі штрафам ч. 2 арт. 22.9 КаАП за «незаконны выраб прадукцыі СМІ». Праз год паводле такога самага абвінавачання яго зноўку аштрафавалі, а ў 2020-м годзе суд скасаваў супраць Лазарава адміністрацыйную справу, распачатую за нібыта супрацоўніцтва без акрэдытацыі з замежным сродкам масавай інфармацыі. Спачатку суддзя Кастрычніцкага райсуду Ілля Белавус накіраваў дакументы на дапрацоўку ў міліцыю, потым справу перадалі суддзі Мікалаю Атрахімовічу, які і скасаваў яе, не знайшоўшы доказаў правапарушэння.
Вячаслаў Лазараў шмат гадоў працаваў відэааператарам – як на гарадскіх тэлеканалах, так і ў прыватным парадку, здымаючы розныя гарадскія падзеі для ўласнага архіва. Быў некалькі разоў затрыманы падчас восеньскіх пратэстных падзеяў 2020-га году, але яго неўзабаве адпускалі без аніякіх наступстваў.
Таццяна Віктарава