Насамрэч вядомага барда асудзілі на 10 сутак за рэпост з аднаго з так званых «экстрэмісцкіх рэсурсаў» на старонку ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники». Выйшаўшы на волю, Андрэй Мельнікаў падзякаваў усім, хто хваляваўся за яго, праз Фэйсбук.
Мельнікава часта называюць менавіта «аршанскім бардам», бо ў Оршы ён правёў дзяцінства і маладосць, менавіта там запісаў свае першыя альбомы пра падтрымцы мясцовых актывістаў, а потым пераехаў у Гомель. Разам з аршанскім гісторыкам Юркам Копцікам бард Андрэй Мельнікаў заснаваў фестываль беларускай аўтарскай песні «Аршанская бітва». Ён штогод праходзіць пад Оршай у першыя выходныя верасня, бо прысвечаны славутай бітве, якая адбылася 8 верасня 1514г. Тады войска ВКЛ перамагло ўтрая большае войска Маскоўскага княства.
У першыя гады беларускай незалежнасці фэст быў вельмі папулярны, на яго з’язджаліся сотні людзей, а Мельнікава і Копціка дагэтуль паўжартам, але з павагай называюць «бацькам і маці фэсту». Аднак гістарычная праўда пра беларускую вайсковую перамогу падалася шкоднай у справе памкнення дзяржаўных уладаў наладзіць цесныя стасункі з Расеяй, і фэст забаранілі. Арганізатараў і ўдзельнікаў некалькі год запар затрымлівалі за спробы сабрацца на гістарычным Крапівенскім полі, і фэст вымушана перайшоў «у падполле». Але Андрэй Мельнікаў імкнецца штогод у першыя вераснёўскія дні наведаць Аршаншчыну і выступіць у вузкім коле слухачоў.
Юрка Жмых