Мікола Качурэц адбываў 10 сутак арышту, якія нібыта не адседзеў да канца яшчэ ў жніўні 2020-га году, калі быў затрыманы ў дзень прэзідэнцкіх выбараў.
Да віцебскага СІЗА 25 красавіка сустрэць Качурца прыйшла ягоная жонка Марына і каля дзесяці сяброў і знаёмых. Аднак у прызначаны час (16.20) Мікола не выйшаў. Выпусцілі яго на дваццаць хвілін раней, перадаўшы супрацоўніку Першамайскага РАУС для правядзення прафілактычнай размовы. Таму доўгачаканая сустрэча з жонкай, сябрамі і журналістамі адбылася пазней на праспекце Будаўнікоў.
Праз 15 хвілін пасля сустрэчы Качурэц з жонкай зайшлі ў двор бліжэйшага дому, дзе і былі затрыманыя. Іх адвезлі ў Першамайскі РАУС, адкуль выпусцілі праз паўтары гадзіны. Мікола Качурэц кажа, што пратаколы на іх не складалі, але хацелі дазнацца, хто і навошта іх здымаў на камеру.
Рэжым утрымання – як у канцлагеры
Яшчэ да затрымання Мікола Качурэц паспеў расказаць, што рэжым утрымання для палітычных у віцебскім ІЧУ нагадвае зараз канцлагерны. За дзесяць сутак ахоўнікі далі курцам прыкурыць не больш за 5-6 разоў, ды і тое баяліся. Апраўдваліся, што, маўляў, не яны пішуць такі сцэнар. У Качурца забралі кнігу Паўла Севярынца – «як экстрэмісцкую». Кажа, што давялося чытаць Івана Шамякіна, якую таксама забралі праз паўгадзіны.
Наракаў, што за суткі робяць пяць-сем праверак, і адну («а то і дзве-тры») уначы.
Мікола лічыць, што такія жорсткія ўмовы ўтрымання адміністрацыя СІЗА стварае адмыслова. Напрыклад, зранку з камераў забіраюць матрацы і коўдры, пераносяць у асобны пакой. А ўвечары праз тое, што і коўдры і матрацы маюць аднолькавыя колеры, людзям дастаюцца чужыя спальныя прыналежнасці.
Усцешыўся Качурэц хіба з таго, што гэтым разам у камерах не было аніводнага прыхільніка Лукашэнкі.
Даходзіла да катаванняў
«Паставілі неяк уначы ля сцяны на агляд. Ахоўнік загадаў паставіць ногі разам, але, як я гэта зрабіў, яму не спадабалася. Удар прыйшоўся па нагах ці то гумавай палкай, ці то абуткам. Разы тры ён мяне ўдарыў, але я не зварухнуўся. Наступны ўдар прыйшоўся па галаве, і я ўдарыўся скулай аб сценку. Нейкае беспантовае катаванне! Яны нават не разумеюць, што тэрмін праходзіць хутчэй, калі нейкі варушняк ідзе», – распавёў Мікола Качурэц.
Ён прызнаецца, што хоць не ўпершыню трапіў за краты, гэты арышт стаўся самым цяжкім.
С. Горкі