Уладзіміра Малахоўскага ўзялі пад варту 13 студзеня ў будынку следчага камітэту, куды мужчына прыйшоў разам з адвакатам. Раней у якасці меры стрымання да яго была ўжытая падпіска аб нявыездзе. Цяпер Малахоўскі знаходзіцца ў СІЗА-2. Калі над ім адбудзецца суд – пакуль дакладна невядома. Праваабаронцы мяркуюць, што працэс можа распачацца ўжо праз некалькі тыдняў.
Міліцыянты затрымалі Уладзіміра Малахоўскага летась на вулічным шэсці 13 верасня падчас сутыкнення пратэстоўцаў і супрацоўнікаў міліцыі на скрыжаванні пр. Чарняхоўскага і Будаўнікоў. Пры затрыманні яму пашкодзілі пальцы на руцэ. Спачатку Малахоўскага ўтрымлівалі ў СІЗА, але потым змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе. Мужчына мае інваліднасць 3-й групы і змагаецца з анкалогіяй.
На волі ў яго засталіся жонка і двое няпоўнагадовых дзяцей.
Уладзіміру Малахоўскаму інкрымінуюць злачынства, прадугледжанае арт. 364 КК («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных спраў»). Яму пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.
Зміцер Міраш