Пазьней Барыс Хамайда расказаў, што ў гэты дзень, як заўсёды, стаяў каля дому па вуліцы Леніна, 28 у Віцебску, дзе распаўсюджваў незалежныя выданьні. Міліцыянты падышлі прыкладна празь 15 хвілін пасьля таго, як ён паразмаўляў зь віцебскім журналістам – гаворка была пра 25-годдзьдзе Канстытуцыі РБ.
“Яны падышлі і запатрабавалі, каб я сышоў з гэтага месца. А калі адмовіўся, паведамілі, што парушаю заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і што яны мяне затрымліваюць”, – распавёў Барыс Хамайда.
Але ў аддзяленьні міліцыі Хамайда даведаўся, што яго абвінавачваюць у парушэньні правілаў добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня населеных пунктаў – паводле арт. 21.14 КаАП. Нібыта затрыманы “загрувашчваў сваёй маёмасьцю вуліцу”. Артыкул прадугледжвае пакараньне штрафам да 5 базавых велічынь. Барыс Хамайда пратакол не падпісаў.
Расказаў, што на пытаньне, чаму ж яго ўсё-такі затрымалі, супрацоўнік міліцыі, які складаў пратакол, адказаў з усьмешкай: “Ну дык заўтра ж Дзень Канстытуцыі…”
Хамайда зазначыў, што да гэтага амаль цягам году міліцыянты ня мелі да яго ніякіх прэтэнзіяў.
Апошні раз Барыса Хамайду затрымлівалі ў чэрвені 2018 году, перад адкрыцьцём “Славянскага Базару ў Віцебску”.
Зьміцер Міраш, фота аўтара