Чацвер, 14 Сакавік 2019

У Віцебску затрымлівалі Барыса Хамайду – “загрувашчваў вуліцу”

Ацаніць гэты матэрыял
(16 галасоў)
Барыс Хамайда каля "сіняга дому" ў Віцебску Барыс Хамайда каля "сіняга дому" ў Віцебску

У чацьвер 14 сакавіка каля 12-й гадзіны ля “сіняга дому” ў Віцебску быў затрыманы Барыс Хамайда. У Чыгуначным РАУС на яго склалі адміністрацыйны пратакол за “загрувашчваньне вуліцы” (арт. 21.14 КаАП). У міліцыі віцебскі апазыцыянэр прабыў больш за гадзіну.

Пазьней Барыс Хамайда расказаў, што ў гэты дзень, як заўсёды, стаяў каля дому па вуліцы Леніна, 28 у Віцебску, дзе распаўсюджваў незалежныя выданьні. Міліцыянты падышлі прыкладна празь 15 хвілін пасьля таго, як ён паразмаўляў зь віцебскім журналістам – гаворка была пра 25-годдзьдзе Канстытуцыі РБ.

“Яны падышлі і запатрабавалі, каб я сышоў з гэтага месца. А калі адмовіўся, паведамілі, што парушаю заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і што яны мяне затрымліваюць”, – распавёў Барыс Хамайда.

Але ў аддзяленьні міліцыі Хамайда даведаўся, што яго абвінавачваюць у парушэньні правілаў добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня населеных пунктаў – паводле арт. 21.14 КаАП. Нібыта затрыманы “загрувашчваў сваёй маёмасьцю вуліцу”. Артыкул прадугледжвае пакараньне штрафам да 5 базавых велічынь. Барыс Хамайда пратакол не падпісаў.

Расказаў, што на пытаньне, чаму ж яго ўсё-такі затрымалі, супрацоўнік міліцыі, які складаў пратакол, адказаў з усьмешкай: “Ну дык заўтра ж Дзень Канстытуцыі…”

Хамайда зазначыў, што да гэтага амаль цягам году міліцыянты ня мелі да яго ніякіх прэтэнзіяў.

Апошні раз Барыса Хамайду затрымлівалі ў чэрвені 2018 году, перад адкрыцьцём “Славянскага Базару ў Віцебску”.

Зьміцер Міраш, фота аўтара

Залагініцца каб дадаць камэнтары