Алена Пары-Пінта і яе дачка Сандра з жахам і сьлязьмі ўспамінаюць той дзень, калі Алену затрымалі супрацоўнікі міліцыі па заяве з крамы жаночага адзеньня. Прадавачка, не выявіўшы ў канцы дня адной сукенкі, прыгадала, што яе прымярала адна з наведніц.
Падазрэньне ўпала на Алену, якую доўга чакаць не давялося: мала таго, што яна пакінула свой тэлефон прадавачцы, чакаючы новых паступленьняў тавару, дык яшчэ праз тыдзень вярнулася ў краму ўдакладніць, ці няма чагось новага.
Фота: ПЦ "Вясна"
Расказвае Алена Пары-Пінта:
“26 чэрвеня я з дачкой Сандрай была ў гандлёвым цэнтры “Замак”. Паднялася на 4-ы паверх у краму адзеньня. Дачка ў гэты час пайшла ў салярый, а мне трэба было выбраць сукенку, бо была запрошаная на вясельле.
Размаўляла з прадаўцом, пыталася аб новых паступленьнях тавару, таму што тыдзень таму тут нічога ня выбрала і спадзявалася, што зьявяцца навінкі. Прадавачка паведаміла, што анічога новага за гэты час не зьявілася і прапанавала зайсьці праз тыдзень. Тады я спусьцілася на першы паверх, дзе да мяне падышоў ахоўнік і прапанаваў прайсьці зь ім.
Ён ні ў чым не абвінавачваў мяне, проста патлумачыў, што раней у гэтай краме зьнікла сукенка, і ёсьць падазрэньне, што гэта магла зрабіць я. Мяне абшукалі. Натуральна, нічога не знайшлі, але сказалі, што я паеду ў Цэнтральны РАУС, дзе мяне дапытаюць”.
Алена вельмі зьдзівілася, калі да яе падышоў супрацоўнік аховы і прапанаваў праехаць у РУУС. Ноч затрыманая правяла ў камэры дзяжурнай часткі, толькі наступным днём зь ёй пачаў “працаваць” таямнічы опэрупаўнаважаны, які спачатку назваўся сьледчым Крывашэевым.
“Назаўтра Крывашэеў пачаў праводзіць допыт у грубай форме, прымушаючы прызнацца ў крадзяжы сукенкі. У кабінэце гучала ўся трыяда рускага мата, у мой адрас сыпаліся пагрозы. Я пры гэтым сядзела на крэсьле ў кайданках, а ён — насупраць мяне.
Потым уяўны сьледчы ўстаў і ўдарыў некалькі разоў кулаком па правым перадплеччы. Я заплакала”.
Некалькі разоў, пакідаючы кабінэт, апэратыўнік, ён жа “сьледчы Крывашэеў”, выводзіў Алену ў калідор і там надоўга прыкоўваў кайданкамі да лаўкі. Жанчына не магла ўстаць, не магла схадзіць у прыбіральню.
Калі ў чарговы раз опэрупаўнаважаны завёў Алену ў кабінэт, адразу перайшоў да пагроз, маўляў, калі яна не падпіша прызнаньне ў тым, што ўзяла ў краме сукенку, то яе адправяць адразу ў Жодзіна, пасадзяць на 10 гадоў, адкуль яна зусім можа ня выйсьці. Алена адмовілася што-небудзь падпісваць. Тады апэратыўнік зьмяніў тактыку.
“Калі маці нічога ня кажа, я буду дзейнічаць як фашыст, празь дзяцей”, – так і сказаў.
Выйшаў з кабінэту і патэлефанаваў маёй дачцэ, пачаў яе запалохваць, што, маўляў, маму пасадзяць і ты яе больш не пабачыш. Прапанаваў ёй тэрмінова прывезьці ў РАУС чорны пакет з маімі асабістымі рэчамі”.
Сандра, даведаўшыся ранкам, што маці не вярнулася дадому, стала тэлефанаваць у лякарні, падумаўшы аб няшчасным выпадку, потым – у міліцыю.
Званок з Цэнтральнага РУУС агаломшыў Сандру: аказваецца, маці затрыманая і ёй тэрмінова трэба прывезьці нейкую сукенку і прадметы першай неабходнасьці. Дзяўчына схапіла рэчы і кінулася на таксі ў РУУС.
Фота: ПЦ "Вясна"
Але прывезеная сукенка не задаволіла супрацоўнікаў – яна, паводле прыкметаў, не адпавядала скрадзенай.
Пэўна, штосьці ў працэсе раскрыцьця злачынства не атрымлівалася, таму апэратыўнік зрабіў стаўку на «царыцу доказаў» – прызнаньне падазраванай. Атрымаць яго аказалася спачатку складана:
Расказвае Алена Пары-Пінта:
“Калі я сядзела ў калідоры ў кайданках, убачыла заплаканую дачку. Яна цэлыя суткі ня ведала, дзе я знаходжуся. Зноў пачаўся допыт. У грубай форме, з нецэнзурнай лаянкай.
Ён давёў маю дачку Сандру да прыпадку бранхіяльнай астмы... Яна стаяла на ўліку. Я папрасіла апэратыўніка выклікаць хуткую дапамогу, у дачкі закочваліся вочы, яна кашляла і душылася. Але Крывашэеў толькі сьмяяўся і жаваў свой “Сьнікерс”.
“Калі вы, сукі, не падпішаце дакумэнт, я вас абедзьвюх адсюль не выпушчу – аформлю па артыкуле 205 за крадзеж”, – куражыўся опэр.
Бачачы пакуты дачкі, Алена вельмі зьбянтэжылася, яна ня ведала, што рабіць у такой сытуацыі. Яна ня вытрымала і згадзілася падпісаць усё, што ад яе патрабаваў сьледчы. Абы адпусьцілі б дачку...
“Ён стаў дыктаваць мне тэкст аб маім нібыта “чыстасардэчным прызнаньні”. Пра тое, што я ўзяла ў гэтай краме сукенку. Пасьля папярэдзіў мяне, каб раніцай зьявілася да яго на допыт, інакш прывязуць пад канвоем. Увечары вывеў нас з РУУС і сказаў, што паедзе да нас дадому з ператрусам. Я папрасіла паказаць пастанову на ператрус. Тады ён перадумаў і зьехаў…”
1 ліпеня Алена зьвярнулася да мэдыкаў, у бальніцу хуткай мэдыцынскай дапамогі, таму што балела рука.
Фота: ПЦ "Вясна"
Паводле вынікаў мэдычнага абсьледаваньня маецца даведка аб выяўленай закрытай траўме грудной клеткі справа, сьляды ўдараў.
На тэлефон Cандры пачалі прыходзіць дзіўныя СМС-паведамленьні і паведамленьні на Viber з пагрозамі, каб нікуды не зьвярталіся са скаргамі. Празь некаторы час опэрупаўнаважаны прыяжджаў дадому да Алены, моцна біў у дзьверы нагамі, выключаў у кватэры электрычнасьць. Алена выклікала міліцыю з Фрунзэнскага РУУС, якія ўсё зафіксавалі, але пазьней прыйшоў адказ, што падчас праверкі нічога не пацьвердзілася.
19 ліпеня, калі Крывашэеў зноў пачаў грукаць у дзьверы, Алена яшчэ раз выклікала міліцыю. Вось тады яна ўпершыню і ўбачыла свайго сьледчага – Вольгу Васілевіч. Яна паказала пастанову аб правядзеньні ператрусу ў кватэры. У якасьці панятых запрасілі выкліканы гаспадыняй нарад міліцыі. Вядома, нічога яны ў хаце не знайшлі, бо нічога там і не было. Тым ня менш, Алене гвалтоўна надзелі кайданкі і павезьлі ў Цэнтральны РУУС.
“Мяне там пратрымалі да 20 ліпеня. Потым прывялі да пракурору Цэнтральнага раёну Менску Крупко, які прапанаваў мне падпісаць паперу аб тым, што я сапраўды ўзяла ў краме сукенку. У адваротным выпадку, паабяцаў на час сьледзтва адправіць у СІЗА. Я адмовілася. Тады мяне адвезьлі ў ІЧУ на Акрэсьціна, дзе я прабыла да 23 ліпеня”.
Спадзяваньні на тое, што міліцыя ва ўсім разьбярэцца, расталі ўжо тады, калі напрыканцы ліпеня Алене прад'явілі абвінавачваньне ў зьдзяйсьненьні крадзяжу. Толькі тады жанчына наважылася расказаць пракуратуры пра кашмары “выбіваньня” прызнаньня.
Фота: ПЦ "Вясна"
Атрымала адказ літаральна праз пару дзён: пракурор Цэнтральнага раёну г. Менску Дзьмітрый Крупко парушэньняў у дзеяньнях супрацоўніка міліцыі ня выявіў. Пракурора не зьбянтэжыў той факт, што ў скарзе Алены ўтрымліваліся зьвесткі пра ўчыненае супрацоўнікам МУС злачынства, што гэтая заява патрабавала правядзеньня праверкі ва ўстаноўленым парадку сьледчымі Сьледчага камітэту з прыняцьцем адпаведнага працэсуальнага рашэньня. Праўда, дзеяньні яшчэ аднаго опэрупаўнаважанага, датычнага да перасьледу Алены, пракурор даручыў праверыць… ягонаму ж кіраўніцтву.
Толькі ў працэсе судовага разгляду справы судзьдзя паспрабаваў высьветліць сытуацыю і накіраваў адпаведнае паведамленьне ў раённы аддзел Сьледчага камітэту. Была праведзеная праверка, якая ўстанавіла, што тлумачэньняў Алены і Сандры для пачатку крымінальнага перасьледу мала, а іншых сьведчаньняў, якія паказвалі б на яе вінаватасьць, здабыць немагчыма.
Праверка довадаў скаргі Алены на пастанову сьледчага аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы вядзецца дагэтуль.
Што важна ведаць?
Вядома ж, пра выкарыстаньне любых забароненых мэтадаў абыходжаньня ўдзельнік працэсу мусіць заявіць як аб зьдзейсьненым злачынстве як мага раней. Калі скарга накіроўваецца на максымальна раньняй стадыі крымінальнага працэсу, застаецца час для абскарджаньня памылковых высноваў праверкі. Гэта асабліва важна, калі ўдзельнік працэсу, з прычыны жорсткага абыходжаньня альбо катаваньняў, абгаварыў сябе ці іншую асобу.
Падазраваныя і абвінавачаныя, знаходзячыся ў стрэсавай сытуацыі падчас расьсьледаваньня і суду, не валодаючы юрыдычнымі ведамі і досьведам, часта цалкам не ўсьведамляюць сваіх працэсуальных правоў. Апроч таго, яны ня здольныя вылучыць галоўныя аспэкты сваёй справы, пасьлядоўна і настойліва адстойваць сваю пазыцыю, бо спадзяюцца, што суд сам разьбярэцца ў сытуацыі.
Фота: ПЦ "Вясна"
Насамрэч, суд, у лепшым выпадку, будзе арбітрам у спрэчцы паміж абвінавачаньнем і абаронай, выслухоўваючы довады кожнага з бакоў. Таму да судовага пасяджэньня варта падыходзіць максымальна падрыхтаваным, у складаных выпадках абавязкова карыстацца дапамогай абаронцы-адваката.