Чацвер, 13 Снежань 2018

#БезПраваНаРасправу: “Скажаш, што білі, – жыўцом закапаем...”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Іван Высоцкі. Фота: ПЦ "Вясна" Іван Высоцкі. Фота: ПЦ "Вясна"

Іван Высоцкі хацеў разабрацца ў праблемах са здароўем прыёмнага сына і даведаўся, што яго бязьлітасна зьбіла родная ганцавіцкая міліцыя. Яшчэ адна жахлівая гісторыя, якая распавядаецца ў межах праекту Праваабарончага цэнтру “Вясна” #БезПраваНаРасправу.

Жыхар Ганцавіч Павал Высоцкі быў асуджаны раённым судом за наўмыснае прычыненьне цяжкага цялеснага пашкоджаньня. Ад адбыцьця пакараньня, не зьвязанага з пазбаўленьнем волі, ён, па маладосьці гадоў, ухіляўся – проста хаваўся ў інтэрнатах. Але 8 студзеня 2015 году адбыўся суд, і Паўлу далі 6 гадоў узмоцненага рэжыму. У папраўчай калёніі №15 гораду Магілёву высьветлілася, што ў Паўла вялікія праблемы са здароўем – давялося рабіць апэрацыю.

Спрабуючы высьветліць прычыны тых праблемаў, прыёмны бацька Паўла Іван Рыгоравіч Высоцкі даведаўся, што сына моцна зьбілі. І прычынілася да гэтага ганцавіцкая міліцыя.

Расказвае Іван Высоцкі:

“У сьнежні 2016 году я павёз свайму сыну ў магілёўскую калёнію №15 рэчавую перадачу. Спатканьне зь ім ня далі, таму, перадаўшы кантралёрам калёніі рэчы, я вярнуўся назад.

Але праз колькі дзён мне патэлефанаваў сын: “Тата! Мне зрабілі апэрацыю. З прычыны спайкі кішак”.

Празь месяц, ужо ў сярэдзіне студзеня 2017 году, я паехаў да яго на працяглае спатканьне. Атрымалася пагутарыць з начальнікам мэдслужбы калёніі маёрам Данілавым. Ён мяне чамусьці пачаў распытваць пра тое, ці білі калі-небудзь сына ў жывот, ці праходзіў ён лячэньне. Я адказаў, што Пашу ніхто ніколі ня біў і ніколі ён не хварэў”.

Павал падчас спатканьня не хацеў, а можа і баяўся, размаўляць з бацькам на тэму апэрацыі на страўніку і толькі ў красавіку 2017 году ў тэлефоннай размове прызнаўся, што быў жорстка зьбіты яшчэ да суду.

Ён распавёў бацьку, што гэта адбылося 9 лістапада 2014 году ў інтэрнаце Ганцавіцкага КПД па вуліцы Чайкоўскага. Увечары, пасьля 18 гадзін, яго некалькі разоў ударыў рукамі і нагамі ў жывот старэйшы лейтэнант крымінальна-выканаўчай інспэкцыі Дунаеў, а дапамагаў біць ягоны сваяк Аляксей Талчоный.

“Ну як і за што яго так білі? Ня можа такога быць!” – усклікае Іван Высоцкі.

“Якая там бойка? Бо насамрэч Паша быў проста зьбіты Дунаевым, які быў пры гэтым у нецьвярозым стане. Як потым высьветлілася, яго вазілі на мэдыцынскі агляд, які выявіў у крыві 1.5 праміле алькаголю.

Падчас суду судзьдзя пытаўся ў сына: “Цябе білі?”

Але ён маўчаў, бо яму пагражалі: “Калі скажаш – жывога закапаем!..”

Даведаўшыся пра гэта, Іван Высоцкі зьвярнуўся з заявай да начальніка папраўчай калёніі №15, дзе адбывае пакараньне яго прыёмны сын. І той 30 лістапада 2016 году пісьмова пацьвердзіў, што апэрацыю рабілі менавіта з-за спайкі кішак.

Бацька вырашыў дамагчыся справядлівасьці і напісаў заяву ў Ганцавіцкі райаддзел Сьледчага камітэту. Старэйшы сьледчы Ганцавіцкага РАСКу А. Галуза адказаў, што праверка па матэрыяле з паведамленьнем аб супрацьпраўных дзеяньнях у дачыненьні да Паўла Высоцкага прыпыненая ў сувязі з правядзеньнем судова-мэдычнай экспэртызы.

Расказвае Іван Высоцкі:

"Ужо летам 2017 году я трапіў на прыём да выконваючага абавязкі намесьніка начальніка калёніі па ідэалёгіі і запытаўся: “Скажыце, ці вазілі Паўла на дасьледаваньне?” Але той адказаў, што такія зьвесткі не разгалошваюцца.

Запытаўся і ў начальніка атраду. Дык той адказаў, што ніхто яго на абсьледаваньне з калёніі не вывозіў. І спэцыялісты ў калёнію не прыяжджалі.

Ну вось, і каму тут паскардзішся? Гэта як гарохам аб сьцяну…”

А 30 лістапада Івану Высоцкаму адказалі, што ёсьць вынесеная пастанова аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы ў дачыненьні да супрацоўніка АУС Дунаева “ў сувязі з адсутнасьцю складу злачынства”. Не дапамог і зварот у Магілёўскую пракуратуру.

“Вось раней на свае скаргі я атрымліваў адказы, там пісалі “Паважаны Іван Рыгоравіч!” Цяпер ужо так ня пішуць...”

Абскарджаньне неправамерных дзеяньняў супрацоўніка АУС Ганцавіцкага раёну працягваецца.

Зьбіцьцё затрыманага супрацоўнікам міліцыі – гэта службовае злачынства

Перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў – наўмыснае зьдзяйсьненьне службовай асобай дзеяньняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму па службе, што пацягнула прычыненьне шкоды ў буйным памеры або істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян, альбо дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам.

Наўмыснае зьдзяйсьненьне службовай асобай дзеяньняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму па службе, спалучанае з гвалтам, пакутай ці абразай пацярпелага, караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці або без канфіскацыі і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю.

#БезПраваНаРасправу – што гэта за праект?

Мультымэдыйны праект #БезПраваНаРасправу зьяўляецца часткай дзейнасьці Праваабарончага цэнтру “Вясна” па выяўленьні выпадкаў катаваньня і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасьць відаў абыходжаньня і пакараньня з боку органаў улады і іншых дзяржаўных структур.

На жаль, нямногія з падобных ахвяр вырашаюцца дамагацца пакараньня для сваіх крыўдзіцеляў ці хаця б надаць агалоску такім інцыдэнтам. У выніку міліцыянты застаюцца беспакаранымі, людзі – неабароненымі ад міліцэйскага гвалту, а статыстыка МУС аб службовых злачынствах – моцна скажонай. Праект #БезПраваНаРасправу закліканы зламаць сьцяну маўчаньня, страху і беззаконьня і паказаць, што катаваньням і жорсткім відам абыходжаньня можна і трэба супрацьстаяць.

#БезПраваНаРасправу