Панядзелак, 26 Лістапад 2018

“Ды ня здохнеш ты!..” У пастарунку яго падвесілі на крук і білі нагамі па твары – відэа

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Зьміцер Качановіч. Фота: ПЦ "Вясна" Зьміцер Качановіч. Фота: ПЦ "Вясна"

Вечар у кампаніі сяброў скончыўся для жыхара Менску Зьмітра Качановіча зьбіцьцём у аддзеле міліцыі. Яшчэ адна жахлівая гісторыя, якая распавядаецца ў межах праекту Праваабарончага цэнтру “Вясна” #БезПраваНаРасправу.

Увечары 16 кастрычніка кампанія маладых людзей адпачывала ў менскай кавярні. У аднаго зь іх нарадзіліся нядаўна хлопчыкі-блізьняты. Ці ж ня добрая нагода адзначыць падзею?

Сталі разыходзіцца каля 9-й вечара. На вуліцы, жартуючы, пачалі тузацца, дэманструючы свае спартыўныя навыкі. Але хтосьці зь мінакоў успрыняў дурасьлівыя гульні мужчын за бойку і выклікаў міліцыю.

Міліцэйскі патруль паставіўся да сытуацыі сур'ёзна: сяброў затрымалі і пасадзілі ў аўто.

Успамінае Зьміцер Качановіч:

“Нарад стаў нас затрымліваць. Натуральна, што мы абурыліся, бо ўсё было ў парадку і ніякіх прычын для затрыманьня не было. Тым ня менш, мяне і майго сябра груба заштурхалі ў аўтамабіль і адвезьлі ў гарадзкі аддзел міліцыі №2, што на вуліцы Ангарскай”.

Патрульны нарад прывёз Качановіча ў аддзяленьне і перадаў калегам для афармленьня пратаколу – знаходжаньне падпітых мужчын на вуліцы міліцыянты палічылі правапарушэньнем.

І тут супрацоўнікам міліцыі, якія афармлялі пратакол, а значыцца, вывучалі ў базе мінулае Зьмітра, стала вядома, што раней ён быў пакараны судом за супраціў супрацоўнікам міліцыі.

Гэта радыкальна зьмяніла іх стаўленьне да затрыманага – Зьмітра пачалі катаваць.

Рукі скавалі кайданкамі за сьпіной, падвесілі за кайданкі на спэцыяльна ўмацаваны ў сьцяну мэталічны крук. Усё адбывалася ў такім месцы, дзе няма камэры відэаназіраньня. На просьбы Качановіча аслабіць кайданкі ўвагу ніхто не зьвяртаў…

“Адзін з супрацоўнікаў, мяркуючы па пагонах – старшы сяржант, нанёс мне раптам ня менш за тры ўдары нагой. Я пры гэтым вісеў на круку. Біў па рэбрах, а потым, накінуўшы на твар капюшон маёй курткі, ударыў нагой па твары.

Мой сябра, які знаходзіўся за дзьвярыма, спытаўся ў іншых супрацоўнікаў міліцыі ўсхвалявана:

“Чаму ён там гэтак крычыць?..”

Яму адказалі, што, маўляў, твой знаёмы трошкі свавольнічае…

Пасьля таго, як мяне зьмясьцілі ў камэру, я неаднаразова прасіў выклікаць лекара, але на ўсе просьбы чуў толькі адно:

“Ды ня здохнеш ты! Нічога з табой ня здарыцца”, – з жахам згадвае Зьміцер.

З ранку наступнага дня іх павезьлі ў Заводзкае РУУС. Толькі там канваір, пабачыўшы разьбіты твар Зьмітра, выклікаў хуткую.

Мужчыну адвезьлі ў бальніцу хуткай дапамогі. Там тэрмінова зрабілі кампутарную тамаграфію, рэнтгенаграфію, УГД унутраных органаў, іншыя дасьледаваньні. У выніку былі зафіксаваныя пералом касьцей носа, пашкоджаньні рэбраў і сінякі на целе і запясьцях.

Але на гэтым мітрэнгі Зьмітра ня скончыліся. Зь лякарні ён пайшоў дамоў, а каля 23.00 да яго раптам прыйшлі міліцыянты. Нягледзячы на тое, што ўжо спала маленькае дзіця, моцна грукаталі ў дзьверы і ламаліся ў кватэру…

“Пэўна, дабіваць прыехалі…” – падумаў Зьміцер і проста не адчыніў ім дзьверы.

Зьміцер Качановіч яшчэ доўгі час ня мог свабодна валодаць пясьцямі рук – гэткай жорсткай аказалася экзэкуцыя з падвешваньнем за кайданкі.

“Некалькі дзён я ня мог нічога рабіць рукамі, нават зашпільваць вопратку, толькі з дапамогай жонкі. Давялося лячыцца, назірацца ў хірурга”, – распавядае Качановіч.

Праз два дні пасьля размовы з праваабаронцамі Зьміцер Качановіч зьвярнуўся ў раённы аддзел Сьледчага камітэту з заявай аб правядзеньні праверкі па факце зьбіцьця ў гарадзкім аддзяленьні міліцыі №2 Заводзкага РУУС Менску.

Зьбіцьцё затрыманага супрацоўнікам міліцыі – гэта службовае злачынства

Перавышэньне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў – наўмыснае зьдзяйсьненьне службовай асобай дзеяньняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму па службе, што пацягнула прычыненьне шкоды ў буйным памеры або істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян, альбо дзяржаўным ці грамадзкім інтарэсам.

Наўмыснае зьдзяйсьненьне службовай асобай дзеяньняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму па службе, спалучанае з гвалтам, пакутай ці абразай пацярпелага, караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасьці або без канфіскацыі і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасьцю.

#БезПраваНаРасправу - што гэта за праект?

Мультымэдыйны праект #БезПраваНаРасправу зьяўляецца часткай дзейнасьці Праваабарончага цэнтру “Вясна” па выяўленьні выпадкаў катаваньня і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасьць відаў абыходжаньня і пакараньня з боку органаў улады і іншых дзяржаўных структур.

На жаль, нямногія з падобных ахвяр вырашаюцца дамагацца пакараньня для сваіх крыўдзіцеляў ці хаця б надаць агалоску такім інцыдэнтам. У выніку міліцыянты застаюцца беспакаранымі, людзі – неабароненымі ад міліцэйскага гвалту, а статыстыка МУС аб службовых злачынствах – моцна скажонай. Праект #БезПраваНаРасправу закліканы зламаць сьцяну маўчаньня, страху і беззаконьня і паказаць, што катаваньням і жорсткім відам абыходжаньня можна і трэба супрацьстаяць.

#БезПраваНаРасправу