Як вядома на Глыбоцкай выбарчай акрузе №23 зарэгістраваныя два кандыдаты. Адзін з іх Александр Аляхновіч – ваенрук «Корабоўскай сярэдняй школы Глыбоцкага раёна імя Р.І. Мацеюна» з сярэдне-спецыяльнай адукацыяй, старшыня Глыбоцкай раённай грамадскай арганізацыі "Беларускі саюз афіцэраў”, якая амаль нікому невядомая на Глыбоччыне. Другі, якога хутчэй за ўсё і прызначаць улады ў Віцебскі абласны савет, – гэта Алег Апяцёнак – дырэктар філіяла "Глыбоцкія электрычныя сеткі" РУП "Віцебскэнерга", старшыня Глыбоцкага філіяла партыі "Белая Русь". Ён мае вышэйшую адукацыю.
“Праца давераных асоб і членаў партыі выклікала цікавасць у мінакоў. Людзі падыходзілі да арганізатараў пікету, каб пазнаёміцца з перадвыбарчай праграмай кандыдата”, - піша глыбоцкая раёнка.
Толькі вось ні на адным здымку, якія апублікавала выданне, не бачна, каб масава падыходзілі людзі і цікавіліся. На фота ў асноўным члены “Белай Русі”, працаўнікі выканкама, лякарні, брсмаўцы, старшыні сельскіх саветаў ды іншыя чыноўнікі.
Нагадаем, у Беларусі вядзецца актыўная падрыхтоўка да так званага Адзінага дня галасавання, які адбудзецца ўжо ў наступную нядзелю, 25 лютага. Ладзяцца не толькі пікеты за праўладных кандыдатаў, але і зачышчаецца прадэмакратычнае беларускае грамадства, якое яшчэ можа выказаць сваё сапраўднае меркаванне, да таго што адбываецца ў краіне.
На выбарчых участках будуць дзяжурыць ва ўзмоцненым рэжыме ўзброеныя сілавікі і будзе весціся відэаназіранне.
Ларыса Кротава