Ігар Пастноў даслаў Ярмошынай ліст напярэдадні афіцыйнага абвяшчэньня даты выбараў. Ён заявіў пра нібыта грубае выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу і запалохваньне чальцоў ягонай каманды з боку мясцовых уладаў – некалькімі месяцамі раней ён даў папярэднюю згоду ўзначаліць ініцыятыўную групу па вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты віцебскага палітыка Сяргея Рыжова, які неўзабаве пасьля гэтага быў абвінавачаны ў зьдзяйсьненьні крымінальнага злачынства і цяпер адбывае пакараньне ў калёніі.
На думку Пастнова, Аляксандар Лукашэнка, які прызначае і ўзначальвае ўлады, сваімі дзеяньнямі ліквідуе магчымых канкурэнтаў на выбарах, а гэта ёсьць нічым іншым, як грубым парушэньнем канстытуцыйных свабодаў і Выбарчага кодэксу. У сувязі з гэтым, мяркуе Пастноў, Аляксандар Лукашэнка ня можа балятавацца на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.
Адказ на свой ліст Ігар Пастноў атрымаў за подпісам старшыні ЦВК, якая назвала яго зварот «беспадстаўным»: «У Вашым звароце адсутнічаюць сьведчаньні, якія маглі б паслужыць падставай для адказу ў рэгістрацыі кандыдатам у Прэзыдэнты РБ А. Р. Лукашэнку», – паведаміла заяўніку Лідзія Ярмошына.
Ігар Пастноў лічыць адказ старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах адпіскай: «Адказ Ярмошынай уражвае сваёй ляканічнасьцю. Ніякіх спасылак на закон, голая канстатацыя: вы, маўляў, ня маеце рацыі, і ўсё тут. Гэткае стаўленьне можа сьведчыць толькі пра тое, што нас усіх трымаюць за недасьведчаных дэбілаў».