Чацвер, 06 Жнівень 2020

«У вашай сумачцы – бомба!..» Як выганяюць з участкаў незалежных назіральнікаў у Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
У сумачцы Тацяны Стрыжнёвай шукалі бомбу У сумачцы Тацяны Стрыжнёвай шукалі бомбу

Як паведамляюць праваабаронцы, пачатак датэрміновага галасаваньня вызначыўся шматлікімі парушэньнямі выбарчага заканадаўства ва ўсёй краіне. Незалежных назіральнікаў масава не дапускаюць на выбарчыя ўчасткі. Выганяюць нават з будынкаў, у якіх разьмяшаюцца ўчасткі. Падставы самыя розныя – аж да падазрэньняў у тэрарызьме…

«Было вельмі ганебна поўзаць па падлозе»

Гэтак, 6 жніўня дырэктарка віцебскай СШ №8 (участкі № 19 і 20 Чыгуначнага раёну) Алена Каралёва выклікала міліцыю на незалежную назіральніцу Тацяну Стрыжнёву, бо западозрыла, што тая мае ў сваёй сумачцы… бомбу. Каб даказаць, што яна не тэрарыстка, назіральніца на вачох міліцыі высыпала зьмесьціва сумачкі проста на падлогу школьнага вэстыбюля. Міліцыянты ніякіх прэтэнзій да Стрыжнёвай ня выказалі, але папрасілі ўсё ж выйсьці за тэрыторыю школы, каб не распальваць канфлікту.

Дырэктарка СШ №8 Алена Каралёва

«Я інвалід 2-й групы. І было вельмі балюча і ганебна поўзаць потым па падлозе, каб сабраць тое, што было ў сумачцы. Зразумела, што аніякай выбухоўкі ці ртуці там і быць не магло. Адчувала сябе зьняважанай. Гэтая дырэктарка лічыць сябе тут гаспадыняй, называе мяне тагасьветнай («потусторонней») назіральніцай. Буду пісаць на яе скаргу!» – кажа Тацяна Стрыжнёва.

«Гэта – цырк! Гэта чорт ведае што!»

Назіральніка Андруся Кешанюка 5 жніўня разам з трыма іншымі назіральнікамі не дапусьцілі да назіраньня на выбарчых участках №12, 13, 14, якія разьмешчаныя ў СШ №25. Праз нейкі час дырэктарка школы Натальля Нікіфарава наагул запатрабавала пакінуць будынак. Назіральнікі адмовіліся і адміністрацыя выклікала міліцыянтаў. Усіх чатырох даставілі ў РАУС. Што праўда, грамадзянаў неўзабаве адпусьцілі, запэўнілі, што адміністрацыйную справу заводзіць ня будуць. Прынесьлі нават прабачэньне! Паведамілі, што знаходзіцца ў памяшканьні школы закон не забараняе.

Сваё стаўленьне да выбарчага працэсу і тых падзеяў, якія адбываюцца вакол яго Андрусь Кешанюк выказаўся ў Фэйсбуку.

«Ну, што можна сказаць? Канечне, гэта ня выбары. Гэта – цырк! Гэта чорт ведае што! Але тым ня менш будзем назіраць далей, будзем падлічваць і надалей колькасьць выбарцаў, якія прыходзяць на ўчасткі, бо ёсьць пагроза прыпісак. Я хачу зрабіць, каб усё было відавочна», – адзначыў Кешанюк.

У сьпісах ня знойдзены…

Таксама на выбарчым участку №2 Полацкай раённай акругі незалежны назіральнік Віктар Стукаў, які праз спазьненьне «прыўладнай» назіральніцы быў дапушчаны да назіраньня ўсяго на адну гадзіну, выкрыў магчымы мэханізм для фальсыфікацый. За кошт таго, што ў агульныя сьпісы ня ўносяцца асобы, якія раней на выбары не прыходзілі, агульны адсотак прагаласаваўшых за гэты кошт павялічваецца.

Гэтак, Стукаў у агульных сьпісах выбарцаў не знайшоў ані сваё прозьвішча, ані прозьвішча сваёй жонкі. Дзіўным падалося яму і тое, што кватэры ў доме №23, дзе ён пражывае, ідуць не па чарзе, а праз 3-5. Стукаў лічыць, што адбываецца наўмыснае скарачэньне колькасьці ўдзельнікаў працэсу галасаваньня.

С. Горкі, Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.