Чаму падтрымала Сьвятлану Ціханоўскую
– Чаму падтрымала? Гэта было нечакана нават для самой сябе. Як чалавек дасьведчаны, я заўсёды ставілася з насьцярогай да папулізму, памятаючы, як некалі невядома адкуль выскачыў усім вядомы папуліст і крыкун. Ад самага пачатку сачыла за кампаніяй, але мела іншыя прыярытэты.
І тут пасьля адмовы ў рэгістрацыі Сяргею Ціханоўскаму на сцэну выходзіць ягоная жонка Сьвятлана! І гэтае жаночае імкненьне падтрымаць мужа ў сытуацыі, якая невядома чым скончыцца, вельмі моцна мяне ўразіла. Я паехала на пікет і пакінула свой подпіс у падтрымку Сьвятланы.
Увесь час мела стасункі зь сябрамі яе каманды. І калі ўлада, пабачыўшы, якія шалёныя чэргі падчас пандэміі стаяць на пікетах Ціханоўскай, распачала рэпрэсіі супраць сябраў яе каманды, – не магла застацца ўбаку. Пачала прыходзіць на пікеты Ціханоўскай, каб паразмаўляць з людзьмі і выказаць сваё стаўленьне.
Калі Сьвятлану зарэгістравалі, я, зноў жа нечакана для сябе, атрымала прапанову стаць яе даверанай асобай. І пагадзілася. Найперш – з-за салідарнасьці. Па-другое, мы апынуліся ў падобных сытуацыях: у яе муж сядзіць – у мяне сын за кратамі. Трэба было нешта рабіць, каб супрацьстаяць рэжыму і далучаць да кампаніі Сьвятланы як мага больш людзей. Таму нічога дзіўнага ў гэтым няма.
Прыхільнікам байкоту
– Што тычыцца пратэставай кампаніі, то ў мяне ёсьць уласны досьвед. Набыла яго ў 2008 годзе як кандыдат у парлямэнт. Зьбіраючы подпісы, сябры маёй каманды казалі выбарцам, што кандыдат Тацяна Севярынец у першы дзень датэрміновага галасаваньня здыме сваю кандыдатуру. Гэта было рашэньне нашай партыі (БХД). Мы не хацелі браць удзел у чарговым спэктаклі ўлады. Зь лёгкасьцю назьбіралі неабходную для рэгістрацыі колькасьць подпісаў, кажучы кожнаму, каб не хадзіў на выбары.
І ў першы дзень датэрміновага галасаваньня я атрымала шалёную колькасьць званкоў. Людзі выказвалі абурэньне, папікалі, пыталіся, навошта я зьнялася. Аказалася, што я падвяла людзей, у якіх было спадзяваньне, што я прайду і здолею нешта зьмяніць.
На пачатку кампаніі-2020 я размаўляла са сваякамі, знаёмымі, не апалітычнымі асобамі, якія ўсе папярэднія выбары ігнаравалі. І ўсе яны сказалі, што сёлета абавязкова пойдуць. Што б я ні казала, як ні заклікала не хадзіць на выбары – аргумэнты ня дзейнічалі. Я так і ня здолела нікога пераканаць.
У беларусаў байкот – непапулярная ідэя. Каб данесьці яе да кожнага, патрэбна прыкласьці аж вельмі шмат высілкаў, мець багата чалавечых і матэрыяльных рэсурсаў. Я не заклікаю нікога ісьці на выбары, але, калі ўсё ж пойдзеце, – падтрымайце Сьвятлану Ціханоўскую.
«Беларусаў аб’яднала пачуцьцё салідарнасьці»
– Мы аб’ехалі восем раённых цэнтраў Віцебскай вобласьці. І нават у самых далёкіх ад Віцебску, дзе жыцьцё, лічы што, спынілася, на нашы мітынгі, не зважаючы на запалохваньне з боку мясцовай вэртыкалі, зьбіралася сама меней блізу 200 месьцічаў.
Нашая каманда адчула народную падтрымку ва ўсіх мястэчках. Людзей не спыніла тое, што іх здымаюць на камэру, што за імі сочаць. Да нас падыходзілі нават райвыканкамаўскія чыноўнікі і казалі: край! усё абрыдла, нешта трэба мяняць! Нават у вайсковых частках салдаты і афіцэры не падтрымліваюць існую ўладу. Гэта мы чулі і ў Лепелі, і ў Віцебску.
Народ разабраўся, дзе праўда, а дзе хлусьня. Калі людзі выходзілі да «вольнага мікрафону», яны дзякавалі нам за магчымасьць зьвярнуцца да сваіх землякоў. Людзей «дастала» адсутнасьць магчымасьці знайсьці праўду ў судах і райвыканкамах. Абрыдла чынавенскае нахабства, хамства, грэблівае стаўленьне да простага чалавека. Гэтым разам беларусаў аб’яднала пачуцьцё салідарнасьці, якога раней не было.
У Гарадку ўразіў хлопец, які папікнуў старэйшае пакаленьне за зробленую ў 1994 годзе памылку, якую прыйдзецца выпраўляць ягонаму пакаленьню. Шмат хто прыходзіў на мітынгі зь дзецьмі, думаючы пра іх будучыню. Адсутнасьць працы і магчымасьці забясьпечыць сваю сям’ю падштурхнулі людзей да яднаньня і пратэставага настрою.
«Калі засталіся рэшткі сумленьня – выцягвайце іх на паверхню»
– Я хачу сказаць прадстаўнікам улады, чыноўнікам, якія стварылі выбарчыя камісія пад сябе і ў склад якіх улучылі наймізэрнейшы адсотак сябраў дэмакратычнай грамадзкасьці. Усе беларусы добра бачаць вашыя намаганьні па ўтрыманьні ўзурпатарсакай улады. Пазбаўленыя ўласнага «я», пазбаўленыя права прымаць рашэньне, вы забыліся на тое, што вы – народныя слугі. Вы сышлі ў глухую абарону, адгарадзіліся ад людзей.
Таму спадарства-чынавенства! Калі ў вас засталося яшчэ нешта чалавечае, калі засталіся рэшткі сумленьня – выцягвайце іх як мага хутчэй на паверхню.
«Ня бойцеся!»
– А беларусам я хачу нагадаць словы Яна Паўла II: «Ня бойцеся!» Калі схаваемся ў свой страх – пазбавім сваіх дзяцей будучыні ва ўласнай краіне! Гэта будзе ганьбай!
Сытуацыя, якая зараз склалася, – гэта край! Даражэнькія беларусы, усё залежыць ад нас саміх! Не ад Сьвятланы Ціханоўскай, не ад Бабарыкі ці Цапкалы, а менавіта ад кожнага з нас. Ад кожнага з нас!
С. Горкі
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!