Аўторак, 04 Жнівень 2015

Лёзьненская раёнка: Людзі з задавальненьнем аддаюць свой голас за Аляксандра Рыгоравіча

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Журналісты лёзьненскай дзяржаўнай газэты «Сцяг Перамогі», па сутнасьці, распачалі агітацыйную кампанію за абраньне прэзыдэнтам дзейнага кіраўніка дзяржавы, хаця пакуль ідзе толькі збор подпісаў за вылучэньне ў кандыдаты ў прэзыдэнты, і час для агітацыі яшчэ не надышоў.

Да такой высновы можна прыйсьці, калі азнаёміцца з артыкулам «Пачаўся збор подпісаў за вылучэньне ў кандыдаты на пасаду Прэзыдэнта». Аўтар спачатку падае стандартную інфармацыю пра выбары, аналягічную той, якую можна ўбачыць на старонках іншых дзяржаўных СМІ, а пры канцы раптам «забывае», што на сёньняшні дзень на вылучэньне ў якасьці кандыдатаў ў прэзыдэнты прэтэндуюць восем чалавек, і два апошнія абзацы прысьвячае расповеду пра дзейнасьць ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі:

«У пятніцу ў гарпасёлку каля крамы "Кулінарыя" зьявіўся першы пікет па зборы подпісаў за вылучэньне ў кандыдаты на пасаду Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Яго праводзілі чальцы ініцыятыўнай групы дзеючага Кіраўніка дзяржавы А. Р. Лукашэнкі. Многія з тых, хто падыходзіў, казалі пра тое, што з задавальненьнем аддаюць свой голас за Аляксандра Рыгоравіча, бо падтрымліваюць існы зьнешні і ўнутраны палітычны курс краіны.

У выходныя дні пікеты па зборы подпісаў таксама правялі сябры ініцыятыўнай групы А. Р. Лукашэнкі, прадстаўнікі раённых арганізацыяў фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі і ГА "Белая Русь"».

Ніводнага слова пра тое, як зьбіраюць подпісы за іншых патэнцыйных кандыдатаў, і што людзі кажуць пра іх – ані ў гэтым артыкуле, ані ў іншых – на старонках газэты няма.

Каб чытачы лепш зразумелі, што жыхары Лёзна «з задавальненьнем аддаюць свой голас за Аляксандра Рыгоравіча», а не за кагосьці іншага, тэкст, пад якім стаіць подпіс нейкай Людмілы Бірульковай, суправаджаецца двума фатаграфіямі. На адной зь іх БРСМаўцы, на другой – прафсаюзьнікі ў якасьці чальцоў ініцыятыўнай групы Лукашэнкі. За імі вісіць партрэт Лукашэнкі. І на абодвух здымках выявы выбарцаў – бабулек, адна зь якіх размаўляе са зборшчыкамі подпісаў, а другая ставіць свой подпіс.

Калі гэткае непрыхаванае рэклямаваньне дзейнага прэзыдэнта, які пакуль яшчэ нават не зарэгістраваны кандыдатам на цяперашніх выбарах – і толькі яго аднаго – ня ёсьць агітацыяй за яго, то што такое агітацыя? Згодна з Выбарчым кодэксам, дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі абавязаныя забясьпечваць роўныя магчымасьці для кандыдатаў. Імаверна, у журналістаў Лёзна нейкае ўласнае разуменьне Выбарчага кодэксу.

Віцебская вясна