«Мы бачым, што задача ўлады сёньня вельмі простая – каб не было выбараў, а было ціхае перапрызначэньне Лукашэнкі. Каб наагул ніхто нічога не заўважыў», – сказаў Андрэй Дзьмітрыеў.
Ён прызнаўся, што разумее Лукашэнку: калі рэйтынг высокі – трэба, каб людзі ішлі галасаваць, а калі нізкі – каб усе на ўсё забыліся. «Я спадзяюся, што мы такі падарунак яму ня зробім», – зазначыў Дзьмітрыеў.
Супраць байкоту і за назіраньне
Палітык выступае супраць байкоту выбараў у гэтай сытуацыі – за актыўнае галасаваньне і назіраньне.
«Для мяне індыкатарам таго, што беларускае грамадзтва хоча пераменаў будзе колькасьць людзей, якія запішуцца ў назіральнікі. Калі гэта будзе тысяча-дзьве, як звычайна, то значыцца беларусы палічылі дастатковым стаць у чаргу і паставіць подпіс. Але гэтага недастаткова! Вельмі дзіўна думаць, што дыктатура, якая 26 год будавалася, спужаецца пэўнай чаргі. Яе адказ просты: гэта хлопцы з надпісам «АМОН», – сказаў Андрэй Дзьмітрыеў.
Чым больш людзей прыйдзе на галасаваньне, чым больш стануць назіральнікамі – тым больш будзе шанцаў, што праз 9 жніўня Беларусь прыйдзе да новага прэзыдэнта, мяркуе палітык. «А ўжо хто гэта будзе – пабачым», – кажа Дзьмітрыеў
«Тады ўжо трэба будзе Лукашэнку здымацца…»
Пры гэтым Дзьмітрыеў падкрэсьліў, што не зьбіраецца здымаць сваю кандыдатуру на карысьць аб’яднанага штабу Сьвятланы Ціханоўскай, хоць і падтрымлівае гэтае аб’яднаньне. Выказаў гатоўнасьць каардынаваць свае дзеяньні. Палітык лічыць, што будзе правільна весьці да канца сваю кампанію, бо гэта паспрыяе большай мабілізацыі выбарцаў. Гэткім чынам мяркуе дамагчыся альбо другога туру, альбо сытуацыі, калі можна будзе казаць пра фармаваньне пераходнага ўраду.
«Але яшчэ раз кажу: першыя сумленныя выбары ў Беларусі адбудуцца не 9 жніўня, а праз год, калі гэта будзе падрыхтавана. 9 жніўня мы можам атрымаць новага прэзыдэнта, бо камісіі проста зламаліся і адмовіліся ад фальсыфікацыяў, а людзі не пагадзіліся з гэтым. А тое, што агучыць Лідзія Міхайлаўна, я думаю, ні ў кога не выклікае ніякіх сумневаў», – мяркуе Дзьмітрыеў.
«І наконт Ціханоўскай: пабачым яшчэ, хто дойдзе да бюлетэня галасаваньня. Бо я ня ўпэўнены, ці дойдзе яна і ці дайду я. Ня ўпэўнены, што не застанецца такі просты выбар: Лукашэнка і Канапацкая», – выказаў сумненьні палітык.
На пытаньне, ці здымецца, калі раптам у сьпісе для галасаваньня апынецца сам-насам з Лукашэнкам, адказаў: «Тады ўжо трэба будзе Лукашэнку здымацца…»
«Кампанія салідарнасьці»
Віцебская актывістка БХД і маці палітвязьня Тацяна Севярынец запыталася ў Дзьмітрыева, адкуль ён узяў больш за 100 тысяч галасоў, бо ў Віцебску ніхто ня бачыў пікетаў сустаршыні арганізацыі «Гавары праўду». Андрэй Дзьмітрыеў адказаў, што за гэтыя галасы ён спакойны. Патлумачыў, што падчас збору подпісаў ягоная каманда рабіла стаўку на зборы «ад дзьвярэй да дзьвярэй», а не на пікеты.
Падчас сустрэчы Дзьмітрыеў назваў гэтыя выбары «кампаніяй салідарнасьці». Зазначыў, што сёньня беларусаў мусіць аб’ядноўваць змаганьне за вызваленьне палітвязьняў.
«Тое, што зараз адбываецца зь Сяргеем Ціханоўскім ня мае нічога агульнага з правасудзьдзем – гэта катаваньні. Тое ж самае – зь іншымі блогерамі, палітыкамі. І ўжо ня важна, наколькі мы не супадаем у поглядах на звычайнае жыцьцё. Гэта ўжо не звычайнае жыцьцё. І мы мусім казаць, што свабода для палітвязьняў – гэта адно з галоўных нашых патрабаваньняў. І што мне падабаецца – усе альтэрнатыўныя кандыдаты кажуць пра гэта», – зазначыў Дзьмітрыеў.
«Ніхто не павінен сядзець у турме за свае палітычныя погляды», – дадаў.
Напрыканцы раздаў удзельнікам сустрэчы паштоўкі, якія папрасіў накіраваць беларускім палітвязьням.
Зьміцер Міраш
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!
Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.