Пятніца, 24 Ліпень 2020

Ціханоўская выступіць перад дэсантнікамі 103-й брыгады ў Віцебску?..

Ацаніць гэты матэрыял
(11 галасоў)
Сьвятлана Ціханоўская. Фота: Sergei Grits / AP Сьвятлана Ціханоўская. Фота: Sergei Grits / AP

Давераная асоба кандыдата на прэзыдэнцтва Сьвятланы Ціханоўскай у Віцебскай вобласьці Тацяна Севярынец зьвярнулася да камандзіра 103-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгады гвардыі палкоўніка Вадзіма Шадуры з просьбай дазволіць Ціханоўскай выступіць на тэрыторыі вайсковай часткі, як гэта нядаўна зрабіў іншы кандыдат – Аляксандар Лукашэнка.

У заяве на імя камандзіра вайсковай брыгады Тацяна Севярынец згадвае, што 16 ліпеня вайсковую часку наведаў кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Лукашэнка і праводзіў там перадвыбарную агітацыю. У прыватнасьці, прапанаваў увесьці абмежаваньне на займаньне прэзыдэнцкай пасады для тых кандыдатаў, якія не служылі ў войску, а таксама выказаўся наконт жанчын-прэтэндэнтаў.

«Калі жанчына будзе прэтэндаваць, мы загадзя яе адправім у Віцебскую брыгаду, каб яна была падрыхтаванай і магла адрозьніць БТР ад танка, БМП і гэтак далей…» – сказаў кандыдат Лукашэнка.

Севярынец нагадвае, што, згодна з арт. 73 Выбарчага кодэксу, усе кандыдаты маюць роўныя правы, і ў той жа час – ня маюць права выкарыстоўваць перавагі свайго службовага становішча ў інтарэсах выбраньня. Калі патрабаваньні арт. 73 парушаюцца, Цэнтральная камісія па выбарах можа адмяніць рашэньне аб рэгістрацыі кандыдата.

Каб не парушаўся базавы прынцып роўнасьці, давераная асоба Сьвятланы Ціханоўскай папрасіла камандзіра брыгады «ўзгадніць і дазволіць правядзеньне сустрэчы на тэрыторыі вайсковай часткі» сваёй кандыдатцы. Просіць таксама даць для сустрэчы тое ж самае памяшканьне, у якім выступаў Лукашэнка, ды паінфармаваць асабісты склад брыгады «аб магчымасьці яўкі на сустрэчу».

Папрасіла прызначыць сустрэчу дэсантнікаў з Ціханоўскай на 25 ліпеня.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.