Чацвер, 25 Чэрвень 2020

Выбарчая кампанія прайшла траціну свайго шляху. Якія вынікі

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)

Завяршыліся важныя этапы выбарчай кампаніі – збор подпісаў па вылучэньні кандыдатаў на пасаду Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і фармаваньне ўчастковых выбарчых камісій (УВК). Ужо можна казаць, што ў Кастрычніцкай раённай камісіі па выбарах Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у Віцебску падрыхтоўка і правядзеньне выбараў адбываецца ані адкрыта, ані галосна.

Толькі 7 зь першапачатковых 15-ці ініцыятыўных груп здалі ў раённыя выбарчыя камісіі падпісныя лісты для праверкі сапраўднасьці дадзеных выбарцаў, якія падпісаліся за таго ці іншага прэтэндэнта на пасаду кіраўніка дзяржавы.

Не дазволілі прысутнічаць на ўсіх этапах праверкі

Гэтак, у Кастрычніцкую раённую камісію па выбарах прэзыдэнта ў вызначаныя законам тэрміны былі здадзеныя падпісныя лісты каардынатарамі ініцыятыўных груп Віктара Бабарыкі (4549 подпісаў), Андрэя Дзьмітрыева (548), Ганны Канапацкай (1470), Аляксандра Лукашэнкі (10772), Сьвятланы Ціханоўскай (1682), Валерыя Цапкалы (1245) і Сяргея Чэрачня (951). Неабходна адзначыць, што візуальна пададзеныя зьвесткі пра тых, хто падпісаўся, зьмяшчае надзвычай малы працэнт збракаваных подпісаў. Гэта пасьля папярэдняй праверкі зьместу падпісных лістоў пацьвердзілі і ў выбарчай камісіі.

На жаль, старшыня камісіі Сырадоева не дазволіла мне прысутнічаць на ўсіх этапах працэдуры праверкі сапраўднасьці подпісаў выбарцаў у падпісных лістах усіх патэнцыйных кандыдатаў. Сваё рашэньне старшыня камісіі аргумэнтавала тым, што заканадаўства патрабуе ажыцьцяўляць праверку сапраўднасьці подпісаў толькі сябрамі камісіі. Больш за тое, мне не дазволілі весьці аўдыёзапіс, відэаздымкі і стрым-трансьляцыю падчас працы камісіі, а таксама – падчас правядзеньня ёй арганізацыйных мерапрыемстваў для падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў.

Падчас фармаваньня УВК

Фактычна ўжо можна казаць, што ў Кастрычніцкай раённай у горадзе Віцебску камісіі па выбарах Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь падрыхтоўка і правядзеньне выбараў адбываецца ані адкрыта, ані галосна. Бо назіральнік пазбаўлены магчымасьці атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю пра выбары любым спосабам і ў розных формах.

На сёньня ўсе раённыя выбарчыя камісіі, а іх у Віцебску тры, адабралі крыху больш за 20% ад агульнай колькасьці пададзеных подпісаў ды прыступілі да іх праверкі. Вынікі гэтай праверкі пры любых абставінах мусяць быць агучаныя публічна да 30 чэрвеня ўключна.

Небывалая актыўнасьць і – рэпрэсіі

Адзначым, што ўжо на этапе збору подпісаў выбарцы праявілі небывалую актыўнасьць у параўнаньні зь мінулымі выбарчымі кампаніямі. Сёлета віцябляне масава прыходзілі да пікетаў, дзе ставілі подпісы за вылучэньне Ціханоўскай, Бабарыкі, Цапкалы, Чэрачня. Гэта стала нечаканасьцю як для сябраў ініцыятыўных групаў, гэтак і для ўладаў. Першым гэта ў значнай ступені спрасьціла збор подпісаў, другім – спарадзіла галаўны боль.

У гэтай сытуацыі ўлады пачалі выкарыстоўваць звыклы для іх варыянт – рэпрэсіўны.

За апошнія два месяцы ў Віцебску пад палітычныя рэпрэсіі ў выглядзе адміністрацыйных штрафаў і арыштаў патрапілі больш за 40 сябраў і валянтэраў ініцыятыўных груп, перш за ўсё – групы Сьвятланы Ціханоўскай, а таксама – прадстаўнікі палітычных партый і недзяржаўных грамадзкіх арганізацый і ініцыятыў. Цікавая дэталь: ніхто зь сябраў шматлікай і актыўнай ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі ў Віцебску ня быў пакараны.

Чарга паставіць подпіс за патэнцыйных кандыдатаў у Віцебску

Актывістаў вінавацяць у парушэньні парадку і правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Аднак, згодна зь дзейным выбарчым заканадаўствам, пікетаваньне для збору подпісаў не спараджае склад адміністрацыйнага правапарушэньня, калі гэта робіцца ў не забароненых уладамі месцах. Перасьлед за ўдзел у такім пікеце зьяўляецца парушэньнем правоў і свабодаў грамадзян, за што вінаватыя ў падобных дзеяньнях мусяць панесьці пакараньне.

Фармаваньне УВК: дапускаюць толькі «надзейных»

Маніторынг рэгіянальнай прэсы паказаў, што ў пэрыяд ад 28.05 да 04.06 інтэрвію з кіраўніком ініцыятыўнай групы дзейнага прэзыдэнта старшынём ФПБ Міхаілам Ордай «Мы падтрымліваем НАШАГА ПРЭЗЫДЭНТА» было разьмешчана на сайтах 14-ці раённых газэт Віцебскай вобласьці (усяго – 21 «раёнка»). Гарадзкая дзяржаўная газэта «Витьбичи» таксама апублікавала гэты артыкул на сваім сайце. Падобныя публікацыі парушаюць выбарчы закон, бо ён забараняе агітацыю ў СМІ да моманту рэгістрацыі кандыдатаў на пасаду кіраўніка дзяржавы.

Фармаваньне складаў участковых выбарчых камісій прайшлі бязь нейкіх зьменаў – па старой завядзёнцы. Сябрамі камісій сталі правераныя некалькімі кампаніямі грамадзяне, якія заўсёды выдавалі ў публічную прастору такія вынікі галасаваньня, якія цалкам задавальнялі ўладу.

Выпадковыя людзі і апазыцыйныя палітычныя актывісты (з пункту гледжаньня ўладаў) у камісіі не патрапілі. Так, напрыклад, ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, якія будуць працаваць у Кастрычніцкім раёне Віцебску, ня былі дапушчаныя 5 сябраў партыі БНФ і БСДП «Грамада». Не патрапілі ў камісіі і палітычныя актывісты з камандаў Бабарыкі, Цапкалы і Ціханоўскай.

У адрозьненьні ад мінулых электаральных кампаній, калі вылучэньне ад палітычных партый ды іншых грамадзкіх аб’яднаньняў, працоўных калектываў і групаў грамадзян было прапарцыйным (прыблізна па 30-35% ад кожнага віду вылучэньня), сёлета гэтая прапарцыйнасьць парушылася не на карысьць працоўных калектываў. Цяперашні склад УВК Кастрычніцкага раёну сфармаваны ў такой прапорцыі: 40% – партыі і грамадзкія арганізацыі, 47% – грамадзяне і 13% – працоўныя калектывы. Выснова такая, што раённая адміністрацыя ня мае сёлета даверу да працаўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў. А рызыкаваць і «гуляць у дэмакратыю» гэтым разам улады ня хочуць.

Леанід Сьвецік, назіральнік

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.