Чацвер, 25 Чэрвень 2020

Валер Цапкала сустрэўся анлайн з журналістамі рэгіянальных СМІ. Пра што казаў

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Валер Цапкала падчас сустрэчы Валер Цапкала падчас сустрэчы

23 чэрвеня адбылася сустрэча прэтэндэнта ў кандыдаты на прэзыдэнцтва Валера Цапкалы з прадстаўнікамі рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. Размова прайшла ў межах цыклю анлайн-сустрэч з патэнцыйнымі кандыдатамі, якія ладзіць Press Club Belarus. Мадэравала сустрэчу каардынатарка праектаў Натальля Ганціеўская. Віцебскі рэгіён прадстаўлялі журналісты «Віцебскай вясны» і «Віцебскага кур’еру».

Прапануем адказы Валера Цапкалы на пытаньні віцебскіх журналістаў.

«Сёньня грамадзяне выключаныя з працэсу самакіраваньня»

– Якім вы бачыце найбольш аптымальнае адмістрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленьне Беларусі? Ці вы падтрымліваеце праект скасаваньня абласьцей і пераход да 15-ці паветаў і 6-ці гарадзкіх акругаў, пераход ад трохузроўневай сыстэмы да двухузроўневай (паветы – муніцыпалітэты)?

Валер Цапкала: «Я не лічу гэта нечым прынцыповым. Тут найгалоўнейшым зьяўляецца не тэрытарыяльны падзел, а паўнамоцтвы, перададзеныя з цэнтру на месцы. Патрэбная рэформа мясцовага самакіраваньня. Органы мясцовай улады мусяць выбірацца насельніцтвам, а не прызначацца з цэнтру. Мусяць фармавацца і гэтак званыя апякунскія саветы (своеасаблівыя парлямэнты з аўтарытэтных асобаў на месцах), якія будуць назіраць за расходам сродкаў з мясцовых бюджэтаў.

У распараджэньні мэрыі мусіць заставацца хаця бы два падаткі: падатак з продажу і падатак на прыбытак мясцовых прадпрыемстваў. У рэспубліканскі бюджэт мусіць пералічвацца толькі падаходны падатак, які будзе складаць 10 адсоткаў.

У гэтым выпадку можна цалкам аптымізаваць колькасьць чыноўнікаў. І тады самі грамадзяне будуць вызначаць, які аб’ём фінансаваньня ім неабходна затрачваць на ўтрыманьне апарата ўпраўленьня, а колькі грошай накіроўваць на іншыя мэты.

Сёньня ж грамадзяне выключаныя з працэсу прыняцьця рашэньняў. Яны ніяк не ўплываюць на тое, куды будуць накіраваныя грошы. А ў мясцовых адміністрацый няма зацікаўленасьці ў тым, каб прыцягваць інвэстыцыі, ствараць новыя працоўныя месцы, бо грошы яны атрымоўваюць зь Менску. Гэта трэба зьмяняць, перадаючы ўсё больш паўнамоцтваў органам мясцовага самакіраваньня».

«Ніхто ня мусіць парушаць права на мірныя сходы»

– Якім чынам вы мяркуеце гарантаваць права грамадзянаў на правядзеньне мірных сходаў? Гэта будзе заяўны ці дазвольны прынцып?

ВЦ: «Я лічу, што гэта мусіць быць, натуральна, заяўны прынцып. Права на правядзеньне сходаў, мітынгаў, дэманстрацый мусіць быць гарантаванае дзяржавай, згодна Канстытуцыі і міжнародных абавязацельстваў, якія ўзяла на сябе Беларусь. Гэта зьяўляецца канстытуцыйным правам і ніхто ня мае яго парушаць.

Заяўны прынцып? Пэўна, размова мусіць ісьці пра тое, што некаторыя месцы, магчыма, трэба выключаць з гэтага, хаця я нават тут ня ўпэўнены, што гэта трэба рабіць. Проста неабходна паглядзець на досьвед дэмакратычных краінаў».

«Беларусь уся можа быць свабоднай эканамічнай зонай»

– Як ставіцеся да зьяўленьня эканамічнай зоны «Брэміна-Ворша». Чаму ўлады абралі драйвэрам эканамічнага росту менавіта Аршанскі рэгіён?

ВЦ: «Маё стаўленьне простае: я лічу, што Рэспубліка Беларусь невялікая краіна, і яна ўся можа ў пэўным сэнсе быць свабоднай эканамічнай зонай. У нас мусіць быць простая сыстэма падаткаабкладаньня. Сёньня СЭЗы мо і вырашаюць нейкія праблемы ў заблытанай сыстэме падаткаабкладаньня для рэгіянальнага разьвіцьця, але я абсалютна ў гэтым ня ўпэўнены. Мне падаецца, што ў нас ва ўсёй краіне мусяць быць простыя падаткі. Я лічу, што ўвесь падатковы кодэкс мусіць умясьціцца на трох старонках, каб чалавек з сярэдняй адукацыяй мог лёгка зразумець усю падатковую сыстэму. Падатковая рэформа будзе адным з сур’ёзных момантаў маёй перадвыбарчай праграмы…

Мне вельмі імпануе формула Трампа. Сэнс яе заключаецца ў тым, што падатак на прыбытак выплачваецца з таго аб’ёму выручкі, якая паступае толькі з унутранага рынку, то бок я плачу падатак толькі з паловы свайго прыбытку. Я лічу, што ПДВ трэба замяніць падаткам з продажу. Што тычыцца мытнай пошліны, то яна мусіць выплачвацца толькі з рэалізацыі гатовай прадукцыі ўнутры краіны. У гэтым выпадку тады ўсе суб’екты гаспадараньня будуць знаходзіцца ў аднолькавых умовах…

Яшчэ б я паставіў заробкі чыноўнікаў у залежнасьць ад заробкаў у прыватным сэктары. Тады чынавенскія заробкі будуць мець простую залежнасьць ад эфэктыўнасьці іх працы для прыцягненьня інвэстыцый і будзе зьяўляцца адбіткам таго заробку, які людзі атрымоўваць у рэгіёнах».

«Калгасна-саўгасны лад сябе зжыў»

– Вашае стаўленьне да праблемы пакінутых вёсак? І ці дапаможа ў гэтым прыватная ўласнасьць на зямлю?

ВЦ: «Я думаю, дапаможа, калі яна дапамагала Сібір асвойваць. Гэта можа даць шанец многім беларусам. Пра прыватную ўласнасьць марыў яшчэ Якуб Колас у паэме «Новая зямля».

Я абсалютна ўпэўнены ў разьвіцьці фэрмэрскага гаспадараньня з шанцам атрымаць зямлю ў прыватную ўласнасьць. Мусіць быць усталяваны пяцігадовы пэрыяд з перадачай зямлі ў арэнду, і калі чалавек адпавядае фармальным патрабаваньням, то праз пяць гадоў яна пераходзіць у ягоную ўласнасьць. Мы мусім зразумець, што калгасна-саўгасны лад сябе зжыў. Ён ніколі ня быў эфэктыўным і можа існаваць толькі пры вялікіх датацыях».

С. Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.