Серада, 13 Лістапад 2019

Аршанскі блогер Шэры кот не аднавіў права называцца кандыдатам у дэпутаты

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Дзьмітрый Казлоў у абласной камісіі Дзьмітрый Казлоў у абласной камісіі

Віцебская абласная выбарчая камісія 13 лістапада не задаволіла скаргу блогера Дзьмітрыя Казлова (Шэры Кот) на рашэньне выбарчай камісіі Аршанскай гарадзкой акругі №25, якая 8 лістапада пазбавіла яго статусу кандыдата ў дэпутаты. Блогер зьбіраецца зьвярнуцца ў абласны суд.

Нагодай, каб зьняць Дзьмітрыя Казлова з выбарчай гонкі, быў рапарт начальніка АУС Аршанскага райвыканкаму палкоўніка міліцыі Сяргея Барвянкова, які паведаміў у выбарчую камісію №25 аб тым, што падчас пікетаў кандыдат выкарыстоўваў плякаты з лёзунгамі «Калгаснай дыктатуры – баста!» і «Фальшывым выбарам – баста!» За гэтыя плякаты камісія папярэджвала Казлова  двойчы, пасьля чаго адмяніла сваё рашэньне аб яго рэгістрацыі кандыдатам.

На думку міліцэйскага начальніка, які пісаў рапарт, сваімі лёзунгамі Дзьмітрый Казлоў заклікаў да байкоту выбараў. Сябры акруговай камісіі №25 скарысталіся тым жа аргумэнтам.

Гэтага аказалася дастатковым і для Віцебскай абласной выбарчай камісіі, сябры якой пасьля кароткага абмеркаваньня адмовіліся аднаўляць блогера ў якасьці кандыдата ў дэпутаты. Не была прынятая да ўвагі аргументацыя Казлова аб тым, што надпісы на плякатах ёсць адлюстраваньнем яго палітычных поглядаў і перакананьняў. Больш за тое, у адпаведнасьці з дзейным заканадаўствам АВК ня мае права ўмешвацца ў агітацыйную кампанію і займацца цэнзурай зьместу агітацыйных матэрыялаў.

Падчас разгляду скаргі старшыня абласной камісіі Дзьмітрый Хама катэгарычна забараніў здымаць працэс яе разгляду. Тады Казлоў выказаў пратэст і, не дачакаўшыся рашэньня камісіі, пакінуў залю паседжаньня.

«Цуду не адбылося. Рашэньне акруговай выбарчай камісіі пакінулі ў сіле. Здымаць працэс абвяшчэньня гэтага рашэньня мне забаранілі, таму я проста сышоў з залі – прысутнічаць там проста так ня мела для мяне ніякага сэнсу», – сказаў блогер адразу пасьля прыняцьця рашэньня абласной выбарчай камісіяй.  

Апошняй інстанцыяй, куды можа зьвярнуцца Дзьмітрый Казлоў, каб аднавіць сваё права балятавацца ў беларускі парлямэнт, застаўся Віцебскі абласны суд. Блогер паведаміў, што зьбіраецца зьвярнуцца туды ў найбліжэйшы час.

Рашэньне Віцебскай абласной выбарчай камісіі. Фота: Шэры кот

Нагадаем, што 8 лістапада Казлова некалькі разоў затрымлівалі без складаньня пратаколу аршанскія міліцыянты. Шэры кот мяркуе, што рабілася гэта дзеля таго, каб перашкодзіць яму трапіць у Менск на сход блогераў, куды заклікаў прыйсьці NEXTA. Да Менску аршанскі блогер так і не дабраўся.

Лявон Яфрэменка

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.