Участковая выбарчая камісія ўчастку №4 арганізаваная па вытворчаму прынцыпу і складаецца з 13 чалавек. У яе складзе – 7 працаўнікоў будаўнічага трэсту №9. А на чале камісіі – сам генэральны дырэктар трэсту Уладзімер Ленчыкаў. Астатнія сябры камісіі – гэта пэнсіянэры, супрацоўнікі СШ №2 ды іншых прадпрыемстваў гораду.
Старшыня камісіі Уладзімер Ленчыкаў
Да пачатку датэрміновага галасаваньня камісія зарэгістравала 7 назіральнікаў – прадстаўнікоў дзяржаўных грамадзкіх аб'яднаньняў і прафсаюзаў.
Кіраўніцтва ўчастковай камісіі паведаміла, што міжнародныя назіральнікі іх яшчэ не наведвалі і зь іхняй працай не знаёміліся.
Як расказаў назіральнік ад праваабарончай арганізацыі «Беларускі Хэльсынскі камітэт» Леанід Сьвецік, інтэнсіўнасьць галасаваньня выбаршчыкаў у першы дзень была слабая. Гэтак, за першую гадзіну датэрмінова прагаласавалі толькі чатыры чалавекі. Усе – мужчыны. Жанчыны ў першай палове дня наогул не прыходзілі на ўчастак.
Першыя выбарцы на ўчастку датэрміновага галасаваньня
Паводле сакратара выбарчай камісіі Юліі Казловай, галасаваць па-за ўчасткам выказалі жаданьне аж 140 выбарцаў. Гэта 20% ад агульнай колькасьці выбаршчыкаў на гэтым участку (усяго – 787).
Назіральнік выказвае сумненьні наконт таго, ці ў камісіі хопіць рэсурсаў для забесьпячэньня галасаваньня такой вялікай колькасьці ахвотных галасаваць дома.
Лявон Яфрэменка, фота аўтара