Аўторак, 22 Кастрычнік 2019

Павал Левінаў абскардзіў у судзе пастанову адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Павал Левінаў Павал Левінаў

У судзе Чыгуначнага раёну Віцебску 21 кастрычніка сябра абласной выбарчай камісіі Павал Левінаў абскардзіў пастанову раённай адміністрацыі аб спыненьні справы аб адміністрацыйным правапарушэньні, якое ўчынілі сябры камісіі №19 па Чыгуначнай выбарчай акрузе. Справу разглядала судзьдзя Алена Цыганкова.

Павал Левінаў зьвярнуў увагу адміністрацыі Чыгуначнага раёну на неправавую рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Вольгі Каравашкінай, якая падала ў выбарчую камісію недакладныя зьвесткі пра сябе, а менавіта – чужыя пашпартныя дадзеныя і неадпаведныя зьвесткі пра месца жыхарства. Нягледзячы на гэта, ініцыятыўная група Каравашкінай была зарэгістраваная.

Левінаў настойваў, каб сябраў камісіі прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці. Тады раённая адміністрацыя правяла праверку і вынесла пастанову аб спыненьні справы. Такое рашэньне прыняў галоўны спэцыяліст аддзелу арганізацыйна-кадравай і юрыдычнай работы Андрэй Плясуноў.

Левінаў: Сябры камісіі парушылі выбарчае заканадаўства

На судзе 21 кастрычніка Павал Левінаў прасіў адмяніць пастанову галоўнага спэцыяліста адміністрацыі, бо, на яго погляд, сябры камісіі па Чыгуначнай выбарчай акрузе №19 парушылі заканадаўства аб выбарах (арт.9.10 КаАП).

Праваабаронца і сябра абласной камісіі даводзіў, што камісія пісьмова прызнала падачу дакумэнтаў Вольгай Каравашкінай з парушэньнем заканадаўства, але ўсё адно прыняла рашэньне аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Між тым, арт.65 Выбарчага кодэксу адназначна кажа пра нерэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў выпадку парушэньня заканадаўства.

“Апроч таго, калі вы ўважліва вывучыце аркуш №18 матэрыялаў справы, то ўбачыце, што сьпіс ініцыятыўнай групы пададзены ў рукапісным, а не ў друкаваным выглядзе, як таго патрабуе Кодэкс. Але гэта толькі палова справы. Далей зьяўляецца друкаваны варыянт ініцыятыўнай групы (аркуш №19), але людзі ў ім ужо іншыя! Таму невядома, па якім сьпісе выдаваліся рэгістрацыйныя дакумэнты і хто насамрэч зьбіраў за спадарыню Каравашкіну подпісы. Гісторыя пра тое замоўчвае…” – казаў на судзе Павал Левінаў.

Вывучыўшы дакумэнты ў матэрыялах справы аб адміністрацыйным правапарушэньні пры рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, якое было спыненае па рашэньні адміністрацыі Чыгуначнага раёну, судзьдзя Алена Цыганкова палічыла, што “праверка адміністрацыяй праведзена абгрунтавана і ў поўным аб’ёме”.

Ніякіх падставаў для адмены пастановы судзьдзя не знайшла, а ў задавальненьні скаргі, пададзенай Паўлам Левінавым, адмовіла.

С. Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.